Юрыст царквы «Новае жыццё» затрыманы за казанне ля «Макдональдса» ў цэнтры Мінска
Юрыст царквы «Новае жыццё» Сяргей Луканін быў затрыманы а 20-й гадзіне 11 лютага каля рэстарана «Макдональдс» на праспекце Незалежнасці ў Мінску,
паведаміла прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Луканін прапаведаваў сярод моладзі. Супрацоўнікі міліцыі прынялі яго «за паляка, які праводзіць антыдзяржаўны мітынг», сказаў вернік.
Паводле слоў Луканіна, каля 19.30 разам з жонкай і двума сябрамі з царквы «Новае жыццё» ён прыйшоў да рэстарана «Макдональдс», дастаў Біблію і пачаў пропаведзь, якую слухалі маладыя людзі, што прагульваліся ў гэты час па цэнтры сталіцы.
Прыкладна праз 20 хвілінаў да Луканіна падышлі міліцыянеры і груба запыталіся, хто ён і што робіць. Луканін прадставіўся і растлумачыў, што нясе людзям Слова Божае. Праз некалькі хвілін пад`ехаў аўтамабіль з супрацоўнікамі спецназа, і Луканіна адвезлі ў Цэнтральны РАУС.
Каля гадзіны вернік правёў за кратамі, дзе сярод алкаголікаў таксама пачаў прапаведаваць.
На допыце дзяжурны супрацоўнік міліцыі патрабаваў тлумачэнняў наконт дзеянняў Луканіна, бо пропаведзі ў горадзе нібыта забароненыя законам. Луканін заявіў, што для яго «асноўны закон — гэта Біблія».
Юрыста царквы адпусцілі без складання пратакола.