І пернiкам, i пугай

Источник материала:  

Баранавiцкая камунальнiкi працягваюць змагацца з даўжнiкамi, якiя не аплачваюць камунальныя паслугi.

У мясцовай прэсе друкуюцца прозвiшчы даўжнiкоў з адрасамi, праводзяцца заахвочвальныя акцыi, супрацоўнiкi ЖРЭУ iмкнуцца "выбiць" запазычанасць, як кажуць у такiх выпадках, пернiкам i пугай.

Летась добрасумленныя грамадзяне, якiя разлiчвалiся ў вызначаны тэрмiн, маглi набыць ў краме "Тэхна" бытавую i аргтэхнiку з 3-працэнтнай знiжкай. Чалавек павiнен быў узяць у ЖРЭУ даведку i пайсцi па тэхнiку ў краму. Такiх пакупнiкоў набралася 37 чалавек, а сума знiжак склала 1 млн 800 тыс. рублёў. Як бачым, акцыя прыцягнула ўвагу грамадзян, хоць i не масавай атрымалася, але тым не меней.

У 2009 годзе даўжнiкам было ўручана 6775 папярэджванняў на адключэнне камунальных паслуг, а ў амаль 2 тысяч грамадзянаў яны былi адключаны. Але даўгi перайшлi на гэты год, i на 1 студзеня пратэрмiнаваная запазычанасць па горадзе складае больш чым 233 млн рублёў.

Самая малая запазычанасць у апублiкаваным спiсе — 6-7 месяцаў i сумы тут не такiя вялiкiя — 114—307 тыс. рублёў, але многiя жыхары не плацяць па 50—97 месяцаў, i даўгi там мiльённыя. Чалавек не плацiў 6 гадоў i доўгу ў яго набралася за 3 млн рублёў. Як з такога даўжнiка "выбiць" грошы? Немагчыма, найперш таму, што такой сумы ў яго няма i наўрад цi будзе. У адной кватэры па вул. Касманаўтаў тры гаспадары, а нiводзiн не плацiць.

Камунальнiкi падаюць на даўжнiкоў i ў суд. Напрыклад, летась iскавых заяў было накiравана 1800 i амаль усе яны былi задаволеныя. Але чым можна кампенсаваць той доўг, калi ў чалавека ў кватэры пуста? Адзiны тэлевiзар забiраць нельга, халадзiльнiк таксама, праўда, калi гаспадар пенсiянер, то пэўны працэнт ад пенсii па рашэннi суда адлiчваюць. А наконт высялення, то тут увогуле складаная сiтуацыя. Калi з бацькамi пражываюць няпоўнагадовыя дзецi, калi састарэлыя жывуць, калi... i выселiць даўжнiкоў немагчыма. Хоць у судзе i ёсць заявы на высяленне, але ўдалося толькi аднаго даўжнiка пазбавiць кватэры — выселiць без забеспячэння яго жыллём.

Адзначу адзiн момант. Даўжнiкi прывольна сябе адчуваюць, найперш у дамах, якiя знаходзяцца ў сiстэме гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркi, а ў жыллёвых кааператывах сiтуацыя iншая.

Перагаварыў з некалькiмi старшынямi кааператываў (ды i сам жыву ў такiм) i пачуў, што не было нiводнага выпадку, каб справа з даўгамi дайшла да суда. Бывае, нехта не заплацiць месяц-другi, але стараецца разлiчыцца. Можа, гэта звязана з тым, што ў жыллёвых кааператывах меней выпадковых людзей? Калi чалавек пабудаваў кватэру на свае грошы, то ў яго ёсць пачуццё адказнасцi.

Сёлета ЖРЭУ г. Баранавiчы вырашыла правесцi яшчэ адну акцыю, i на гэты раз сярод даўжнiкоў. Калi ўладальнiкам кватэры з'яўляецца мужчына, то ў яго ёсць магчымасць пагасiць запазычанасць за камунальныя паслугi да 23 лютага i мець надзею на прыз ад камунальнiкаў. А жанчыны могуць атрымаць падарунак, калi ў iх не будзе даўгоў да 8 сакавiка. У гэтай акцыi могуць браць удзел тыя, чыя запазычанасць ад трох i болей месяцаў. Акцыя праводзiцца сумесна з крамай "Аўтарытэт". Розыгрыш прызоў адбудзецца 17 сакавiка. Сярод прызоў будуць: мiкрахвалевая печ, DVD-прайгравальнiк, прас, электрачайнiк...

А цi прыцягнуць гэтыя прызы даўжнiкоў? Пачакаем.

Сымон Свiстуновiч.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика