Наша ранiца вырашыла пазнаёмiцца з гледачамi блiжэй
Ранiшняя праграма АНТ распачала акцыю "Наш глядач", каб сабраць як мага больш iнфармацыi аб сваёй мэтавай аўдыторыi. У аўторак на сайце тэлеканала www.оnt.bу з'явiлася адмысловая анкета. Наведвальнiкам прапануецца адказаць усяго на 4 простыя пытаннi: узрост, пол, а таксама звычайны час прагляду "Нашай ранiцы" ў буднi i ў выхадныя. Дарэчы, даслаць свае адказы з кожнага камп'ютара можна будзе толькi 1 раз.
"Наша ранiца", як i ўсякi iншы праект, не можа стаяць на месцы, — мяркуе кiраўнiк дырэкцыi ранiшняга вяшчання АНТ Сяргей Дарафееў. — А каб развiвацца ў патрэбным кiрунку, неабходна разумець, хто цябе глядзiць. На жаль, у нас няма кампанiй, якiя займаюцца падобнымi даследаваннямi, таму мы задзейнiчалi ўласныя рэсурсы".
Зыходзячы з таго, хто сёння — асноўны глядач праграмы, будзе скарэктаваны яе змест, магчыма, з'явяцца новыя рубрыкi або iстотна зменяцца ўжо iснуючыя. Першых абнаўленняў, па прыкiдках тэлевiзiйнiкаў, варта чакаць ужо праз месяц-другi.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота прадстаўлена АНТ.