Дырэктара пасадзiлi пасля таго, як выдаў прэмii сваiм падначаленым

Источник материала:  
08.02.2010 12:13 — Новости Общества
Пракуратура абвiнавацiла Івана Iванова ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. На думку следства, дырэктар выдаў прэмii рабочым, каб штучна павысiць свой аўтарытэт. Сам Iван Iваноў запэўнiвае, што невiнаваты, а прэмii падначаленыя рана цi позна усё адно павiнны былi атрымаць. Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Яўген ВАЛОШЫН паспрабаваў разабрацца ў акалiчнасцях незвычайнай крымiнальнай справы.

Амаль усё жыццё, а менавiта 30 гадоў, Iван Iваноў прапрацаваў на адным будаўнiчым прадпрыемстве, якое сёння называецца Бабруйскi завод буйнапанэльнага домабудаўнiцтва (БПД). Пачынаў з шэраговага рабочага, потым зрабiўся майстрам, галоўным энергетыкам, намеснiкам галоўнага iнжынера, галоўным iнжынерам i нарэшце дырэктарам. Прадпрыемства прыносiла добры прыбытак, пашыралася. За часам дырэктарства Iванова фiлiял БПД адчынiлi ў Калiнiнградскай вобласцi. Аднак у 2008 годзе  з дырэктарам не працягнулi кантракт. Новую пасаду Iван Iваноў знайшоў тут жа - у "Бабруйскiм домабудаўнiчым камбiнаце", стаў адным з начальнiкаў. Аднак дапамагчы "падняцца" новаму прадпрыемству ў Iвана Iванова не атрымалася - праз тры месяцы яго нечакана абвiнавацiлi ў злоўжыванні службовымі абавязкамі на старой працы, змясцiлi ў СIЗА.

Тры гады пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi

У 2006 годзе Бабруйск прымаў "Дажынкi". Горад рамантавалi, упарадкоўвалi. Рабочыя з прадпрыемства БПД таксама ўдзельнiчалi ў "рэстаўрацыi" Бабруйска. Але ж асноўную працу завод не спыняў, панэльныя жылыя дамы ўзводзiлiся ў розных кутках Беларусi. Акурат напрыканцы восенi скончылi будаваць шматпавярховiк у Заслаўi. У кар'еры Iвана Iванова гэты аб'ект стаў лёсавызначальным.

А сутнасць вось у чым. Пасля таго, як шматпавярховiк збудавалi, было вырашана выдаць прэмii супрацоўнiкам прадпрыемства, якiя бралi ўдзел у будаўнiцтве дома. Усё ж аб'ект прынёс вялiкi прыбытак - 1 млрд 278 млн беларускiх рублёў. Чатыры працэнты ад гэтай сумы i пайшлi на прэмii. Дакумент, у якiм прапiсаны прозвiшчы рабочых i сумы, якiя iм выплачвалiся, змясцiўся на васьмi старонках. Згодна з дакументам, супрацоўнiкi БПД атрымоўвалi ад 75 000 да 527 700 беларускiх рублёў. Трэба сказаць, што i сам Iван Iваноў атрымаў 645 800 рублёў прэмii. Зазвычай гэта нармальная практыка: дырэктар - службовая асоба з павышанай адказнасцю.

Больш чым праз год пасля падпiсання гэтага дакумента на БПД праводзiлася рэвiзiя. Кiраўскае аддзяленне галоўнага ўпраўлення Мiнiстэрства фiнансаў знайшло на прадпрыемстве парушэнне, якое стала падставай для змяшчэння Iвана Iванова ў СIЗА.

- Якiм чынам дырэктар парушыў закон? - пытаемся ў начальнiка аддзялення Ганны СЯМЁНАВАЙ, якая праводзiла праверку.

- Пасля зацвярджэння акта аб уводзе аб'екта ў эксплуатацыю работы на iм працягвалiся.

- Атрымоўваецца, што пакуль шматпавярховiк не здалi цалкам, прэмii нельга было выплачваць?

- Так. Гэта сур'ёзнае парушэнне.

Выходзiць, што на прадпрыемстве праiгнаравалi нарматыўны тэрмiн будаўнiцтва жылога дома, якi складаў 7,5 месяца. Як высветлiла кiраўскае аддзяленне Мiнфiна, пасля гэтага тэрмiну на аб'екце працягвалiся работы па аддзелцы фасадаў, добраўпарадкаваннi i iншым. Працы, такiм чынам, зацягнулiся, а прэмii насуперак заканадаўству выдалi.

На падставе гэтага Магiлёўская абласная пракуратура абвiнавацiла Iвана Iванова ў "злоўжываннi ўладай альбо службовымi паўнамоцтвамi" па артыкуле 424 Крымiнальнага кодэкса.

А суд Кiраўскага раёна, разгледзеўшы незвычайную крымiнальную справу, прыйшоў да наступнай высновы:

"...наўмысна, з карыслiвай цi iншай асабiстай зацiкаўленасцi, насуперак iнтарэсам службы Iваноў здзейснiў, з выкарыстаннем свайго службовага становiшча, дзеяннi, якiя пацягнулi iстотную шкоду дзяржаўным iнтарэсам i цяжкiя наступствы для "ААТ Бабруйскi завод БПД", якiя выявiлiся ў нанясеннi стратаў у асаблiва буйным памеры... Iваноў, ведаючы, што прэмiяванне працаўнiкоў за ўвод аб'ектаў адбываецца толькi пры ўмовах выканання нарматыўнага тэрмiну будаўнiцтва, выдаў загад аб выплаце прэмiй супрацоўнiкам на агульную суму ў 52 мiльёны 263 тысячы 800 рублёў".

У вынiку суд прызначыў Iвану Iванову пакаранне ў тры гады пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi, з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганiзацыйна-распарадчых i адмiнiстрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмiнам на два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калонii узмоцненага рэжыму.

Вось у што можа вылiцца неасцярожная выплата прэмiй.

Даведаўшыся пра зняволенне дырэктара, рабочыя пачалi вяртаць грошы прадпрыемству.

Перш-наперш нам стала цiкава: навошта дырэктар пайшоў на незаконную выдачу прэмiй? Суд Кiраўскага раёна на гэты конт высветлiў i пазначыў у пастанове:

"...яго дзеяннi абумоўлены як карыслiвай, так i iншай асабiстай зацiкаўленасцю, якая выявiлася ў жаданнi штучнага павышэння свайго аўтарытэту".

Дзiўна, што чалавек, якi 30 гадоў прапрацаваў на адным прадпрыемстве, не здолеў прыдбаць аўтарытэт, i менавiта для гэтага яму давялося незаконна выдаваць прэмii.

- На той момант аўтарытэт дырэктара быў надзвычай нiзкi, - тлумачыць старшы следчы па найважнейшых справах пракуратуры Магiлёўскай вобласцi Аляксандр РАДКЕВIЧ. - Рабочыя скардзiлiся на тое, што даўно не падымаюцца зарплаты, што завод наваднiлi сваякi Iванова. Па вынiках скаргаў на прадпрыемстве праводзiлiся праверкi, адна з iх высветлiла, што нарматыўны тэрмiн будаўнiцтва дома перавышаны на 2,5 месяца".

Аднак пасля ўзбуджэння крымiнальнай справы больш за 40 супрацоўнiкаў БПД, якiя атрымалi прэмii, падпiсалiся пад хадайнiцтвам, якое таксама трапiла ў матэрыялы крымiнальнай справы.

"Мы па-ранейшаму лiчым, што прадпрыемства - гэта не толькi станкi i машыны, а ў першую чаргу - людзi, рабочыя, адпаведна не можа быць шкоды прадпрыемству там, дзе работнiкам выплачана прэмiя з грошай, якiя першапачаткова закладзены ў каштарыс, - напiсана ў хадайнiцтве. - Рабочыя, якiя атрымалi прэмii, сапраўды iх заслужылi, таму што будаўнiцтва далося нялёгка - па аб'ектыўных прычынах узнiкла шмат форс-мажорных абставiнаў. Гэтыя перашкоды былi з гонарам пераадоленыя рабочымi i спецыялiстамi завода, ад будаўнiцтва быў атрыманы вельмi вялiкi прыбытак i толькi 4% ад яго выплачана ў выглядзе прэмiй. Даведаўшыся, што Iванову высунулi абвiнавачваннi ў злоўжываннi службовымi паўнамоцтвамi, рабочыя завода пачалi пералiчваць грашовыя сумы, якiя былi выплачаны ў якасцi прэмiй, на разлiковы рахунак прадпрыемства".

Прэмii рана цi позна ўсё адно павiнны былi выплацiць?

- Сума прэмiяльных сапраўды была першапачаткова закладзена ў кошт дагавора i аплачана дольшчыкамi, якiя будавалi сабе кватэры, - адказала на тэлефанаванне карэспандэнта "Звязды" Наталля ФIЛIПЧЫК, адвакат Iвана Iванова. - Калi ў каго i ўзнiкала б права патрабаваць вярнуць суму прэмiяльных, то гэта ў дольшчыкаў.

Сам Iван Iваноў, калi казаў у судзе апошняе слова, запэўнiў, што папросту не ведаў пра нарматыўныя тэрмiны будаўнiцтва шматпавярховiка ў Заслаўi - а праверыць законнасць выплат прэмiй павiнны былi iншыя кампетэнтныя супрацоўнiкi:

"На практыцы нарматыўны тэрмiн будаўнiцтва аб'екта кiраўнiку не заўсёды вядомы. Штогод завод будуе 15-20 жылых дамоў, якiя маюць iндывiдуальны нарматыўны тэрмiн. Ён пазначаны ў адпаведнай тэхнiчнай дакументацыi, з якой кiраўнiк, у адпаведнасцi са сваiмi службовымi абавязкамi, не працуе... Наконт прэмiй я даў загад кампетэнтным спецыялiстам, у тым лiку юрысту, разабрацца, каб усё было законна i правiльна. Пазней назiральная рада прадпрыемтсва, куды ўваходзяць дзяржаўныя людзi, аднагалосна прыняла рашэнне сплацiць прэмiю i мне, дырэктару прадпрыемства. Не разумею, за што мяне судзяць..."

←В Нюрнберге проходит ярмарка игрушек

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика