Вясна-лета-2010: уплыў мужчынскага гардэроба, паўвясковы шык i банты як акцэнт

Источник материала:  

У нумары № 18 ад 2 лютага мы расказалi пра тое, якiм будзе модны сезон вясна-лета-2010. У прыватнасцi, пра тое, якой каляровай гаме i тканiнам аддаць перавагу, а таксама пра тэндэнцыi ў асноўнай групе адзення расказала галоўны мастацкi кiраўнiк Беларускага цэнтра моды, вядучы дызайнер Эльвiра Жвiкава. Сёння мы працягваем размову са спецыялiстам пра асноўныя модныя тэндэнцыi будучай вясны i лета.

Гарадское адзенне i вулiчны шык

У гэтым сезоне будзе актыўна ўплываць на гарадское адзенне спартыўная тэматыка. У афармленнi жакетаў i спаднiц з'явяцца засцежкi-маланкi. З аднаго боку, гарадскi стыль будзе больш рафiнаваны — гэта свабодныя пiнжакi, актыўныя плечы, запазычанне з мужчынскага гардэроба. Такiя касцюмы будуць шыцца з так званай халоднай шэрсцi або шэрсцi з шоўкам паралельна, з мiнiмумам дэталяў, свабодным пiнжаком з нiзкай засцежкай. Для такiх касцюмаў характэрныя свабодныя штаны з мяккiмi складкамi i спаднiцы-алоўкi. Магчымы i сыход у тэму "casual", а гэта засцежкi-маланкi, накладныя кiшэнi, фурнiтура белага металу. Тут ёсць невялiкi ўплыў нэапанку 80-х, але занадта металiчнай фурнiтуры быць не павiнна. Увогуле ўплыў спартыўнага стылю — гэта павелiчэнне аб'ёму жакетаў (жакеты-бомберы), спаднiцы з зацяжнiкамi па нiзе, спаднiцы-балоны даўжынi мiнi. Але гэта не офiснае адзенне, а адзенне для вольнага часу.

Вясна-лета-2010: уплыў мужчынскага гардэроба, паўвясковы шык i банты як акцэнтЯшчэ адна тэма, якая адносiцца да паўсядзённага адзення, — тэма сафары. Яна перыядычна вандруе з сезона ў сезон, яе актуальнасць то ўзрастае, то знiжаецца. У наступным сезоне яна перакрыжуецца з больш жорсткiм i мiлiтарызаваным настроем. Так што будучай вясной сафары прынясе нам накладныя кiшэнi, свабодныя формы, штаны, запазычаныя з ваенных цi афрыканскiх паходаў. Яны свабодныя, нагадваюць азiяцкiя шаравары. Жакеты тут да месца пад пояс з высокай засцежкай. А вось пагончыкi на плячах прыбiраем, гэта не актуальна.

Актуальнай застаецца ў новым сезоне i марская тэма, вельмi камерцыйна паспяховая i папулярная. Клеткi i палоскi плаўна перакачуюць з зiмовай калекцыi ў летнi сезон, крыху змянiўшыся ў колеры. Калi зiмой мы насiлi драматычныя фiялетавы, пурпурны, зялёны, то ў летняй калекцыi колеры стануць лягчэйшымi. Гэта або традыцыйная марская палоска — сiне-белая цi чырвона-белая, або з дакладнасцю наадварот — бэжавыя мяккiя, у стылi вестэрн, тканiны. "Марская тэматыка заяўлялася на мiнулае лета, i здавалася б, вычарпала свой рэсурс. Але яна паказала сваю камерцыйную паспяховасць i вельмi многiя дамы моды прапануюць на наступны сезон разнастайныя сiнiя блэйзеры, дапоўненыя паласатымi штанамi. Гэта класiка жанру. Штаны могуць быць у бела-сiнюю палоску, у чырвона-белую з аднатоннымi блэйзерамi, дапоўненыя майкамi-цяльняшкамi або гладкiмi топамi. Гэта будзе выглядаць вельмi эфектна", — расказвае Эльвiра Жвiкава.

Яшчэ адзiн стыль, якi паралельна развiваецца з подыумнай модай, — вулiчны шык. У першую чаргу гэта, зразумела ж, дэнiм, уся група джынсавага адзення — ад традыцыйных джынсаў да маек, шортаў, топаў, сукенак. Дэнiм на наступны сезон заяўляецца ў прыпудраных пяском тонах, гэта распылены блакiтны, замыты, абавязкова з эфектам штучнага старэння. Тут прысутнiчае тая ж тэндэнцыя, характэрная для астатняга адзення. З аднаго боку, джынсы "суперслiм" з эластанам, якiя моцна аблягаюць фiгуру. З iншага боку, з'яўляюцца напоўненыя ў аб'ёме штаны, бярмуды, шорты, якiя носяць з завернутымi нiзамi, яны дапаўняюцца майкамi ў шэрых тонах з флюрысцэнтнымi або тон у тон набiўкамi. Гэта можа быць трыкатажная майка-топ, якая ператвараецца ў сукенку, а можна надзець некалькi маек адначасова. Гэта зручнае адзенне для паўсядзённага нашэння для тых, хто не абцяжараны офiсным дрэс-кодам.

Яшчэ адна тэма, асаблiва калi вы збiраецеся на адпачынак, — стайлiнг "хiпi-шык". Ён таксама прысутнiчаў мiнулым летам, але з подыума не сышоў. Ён нясе нам настрой этнiкi з аднаго боку, з iншага — настрой хiпi 70-х. Адсюль шмат даўжынi мiдзi ў сукенках, сарафанах, шмат'ярусныя спаднiцы — у зборкi, аднатонныя цi ў дробныя кветкi, або гэта сукенкi-тунiкi з этнiчным яркiм дэкорам па гарлавiне, па нiзе рукавоў, па нiзе тунiкi. Такая сукенка вельмi часта расшываецца манiстамi, залацiстымi каменьчыкамi, бiсерам, сцяклярусам.

Вячэрняе адзенне

Вясна i лета — гэта сезон вяселляў i выпускных баляў, а значыць — час асаблiвых сукенак. На выпускным балi выдатна будуць выглядаць сукенкi, адразныя па талii, з акруглымi спаднiцамi, з рукавамi-купаламi, з драпiраванымi лiфамi або, наадварот, маленькiя i кампактныя. Часта такiя сукенкi ствараюцца з арганзы цi шыфону. Калi хочацца стварыць пругкую структурную форму, выкарыстоўваем больш жорсткiя тканiны; калi хочаце стварыць рамантычны, шматслойны вобраз, аддаём перавагу шыфону. Тады гэта лiнiя ампiр са струменiстымi спаднiцамi ў некалькi слаёў, прычым можна выкарыстаць некалькi адценняў шыфону — гэта будзе выглядаць больш ярка i выразна. У якасцi дэкору добра будуць выглядаць крышталi, праўда, не стразы Свароўскi, яны сёння не надта актуальныя, а паўматавыя крышталi ў колер асноўнай тканiны. Імi можна расшыць лiф, пояс, рукавы.

Для аздаблення акрамя крышталяў выкарыстоўваюцца карункi. Яны могуць прысутнiчаць ва ўрачыстай групе касцюмаў, у апрацоўцы топаў. Гэта тэма плаўна перайшла з зiмовай калекцыi ў летнюю, пры гэтым крыху змянiўшы колер. Калi ў зiмовай калекцыi мы бачылi насычаныя цёмныя карункi, чорныя або сiнiя, то ў летнiх калекцыях карункi, як правiла, белыя. Яны, з аднаго боку, ствараюць рамантычны паўвясковы шык, з iншага — настальгiчны настрой, быццам бы мы дасталi iх з куфраў нашых бабуль. Гэта рэтра-настрой, рэтра-стыль.

Выдатна будуць выглядаць празрыстыя i паўпразрыстыя тканiны. Але каб сукенка не была вульгарнай, тут таксама можна выкарыстоўваць прыём шматслойнасцi, драпiроўку, разнастайныя складкi. I самую пяшчотную палiтру. Базавымi колерамi для гэтай тэмы з'яўляюцца пяшчотны ружовы, бэжавы, каралавы. Выдатны прыём у гэтай тэме — дэкараванне бантамi. Хочаце зрабiць акцэнт — змясцiце туды бант. Ён можа знаходзiцца на талii, упрыгожваць манжэты, рукавы. З гэтага сезона бантаў шмат не бывае, яны з'яўляюцца адным з галоўных элементаў дэкору.

Актыўна ў вячэрнiм адзеннi будуць выкарыстоўвацца махры. Тут знаходзяць сваё рашэнне адгалоскi 20-х, калi ўсе вар'яцелi ад танцавальнага рытму чарльстон, — гэта канец 20-х — пачатак 30-х. Адсюль сукенкi на тонкiх шлейках, адразныя па сцёгнах, з напускам на сцёгнах, i махры, якiя могуць спускацца па лiфу, па спаднiцы i ствараць дадатковы рух i аб'ём. Як правiла, такiя сукенкi расшываюцца паетам i сцяклярусам у духу арт-нуво. Узнiкае эфектны, настальгiчны вобраз таго перыяду.

Абутак

"Колер сышоў з адзення ва ўнутраныя дадаткi — трыкатажныя свiтары i топы, а таксама ў аксесуары — рамянi, сумкi i абутак. Часта гэта трактуецца занадта лiтаральна, мы шмат цяпер бачым на вулiцы рознакаляровых ботаў. У цэлым жа на вялiкiх формах колер знiкае, робiцца нейтральным", — нагадвае Эльвiра Жвiкава. З'яўляецца больш шэра-бэжавага, нейтральнага колеру, асаблiва добра ён выглядае на замшавых паверхнях, на злёгку пакамечанай скуры. З абутку знiкае фурнiтура, яна робiцца менш пафаснай. Дэкаратыўныя элементы застаюцца толькi для ўрачыстасцяў. Спражкi, якiя прысутнiчалi ў гламурным абутку леташнiх сезонаў, засталiся ў мiнулым. Абутак больш чысты i лаканiчны — прамыя галёнкi, прамыя ўстойлiвыя абцасы. Абцас, дарэчы, дастаткова высокi, да 15 см, але пры гэтым ён падтрымлiваецца платформай. Боты дастаткова высокiя пад калена, але калi яны прамыя, так званыя "трубы", то збiраюцца гармонiкам. Насы або ўмеранай вастрынi, або авальныя, злёгку выцягнутыя, або круглыя. Як альтэрнатыва — абутак на плоскай хадзе. Калi вы жадаеце набыць абутак на высокiм абцасе, то павiнны памятаць, што ў пары да iх павiнны быць больш дэмакратычныя боцiкi, зручныя i камфортныя. Актуальнасць абутку на плоскай хадзе захоўвае свае лiдзiруючыя пазiцыi.

Захоўваецца гэтай вясной i летам такое азначэнне, як летнiя боцiкi. Як правiла, яны шыюцца без падкладкi, з мяккай скуры, велюру, замшы, i добра выглядаюць з мяккiмi штанамi, або наадварот, з джынсамi цi з шортамi з закручанымi нiзамi. Басаножкi ў новым сезоне вытрыманыя ў дастаткова нейтральных тонах. Паколькi ў адзеннi заяўляецца шмат зялёнага колеру, прысутнiчаць гэта будзе i ў абутку. Гэта складаныя шэра-алiўкавыя тоны для паўсядзённага абутку, пясочная каляровая палiтра для басаножак. I як усплёскi колеру — сiнi, чырвоны, магчыма, крыху жоўтага, але гэта для гламурных вечарынак, а не на кожны дзень. Актуальныя танкеткi, платформы i сандалеты на плоскай хадзе.

Алена АЎЧЫННIКАВА.

←Цiшэй едзеш — жывым будзеш

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика