Праект дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарач распрацавалі ў Беларусі
Чакаецца, што «мядзельская жамчужына» стане сапраўдным турыстычным цэнтрам, з сучаснай інфраструктурай.
А для гэтага – шмат што зрабіць трэба. У прыватнасці, адраманатваць старыя гасцініцы і ўзвесці новыя, добраўпарадкаваць курортную зону. Асобным пунктам – будаўніцтва цэнтра водных забаваў. Праект гэты грандыезны, і патрабуе вялікіх інвестыцый.
Прадпрымальнікі Міншчыны атрымаюць фінансавую дапамогу для стварэння новых вытворчасцяў у рэгіене
Гэта прадугледжана адмысловай праграмай развіцця малога бізнеса. Яе ажыццяўленне абмеркавалі ў Мінаблвыканкаме – на семінары, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі камітэта эканомікі, бізнесмены і банкіры. У рэгіене заахвочваюць дзейнасць прыватнікаў. Бо гэта – аснова развіцця малых і сярэдніх гарадоў. На Міншчыне працуюць два цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва – у Барысаве і ў весцы Камарова Мядзельскага раена. Дзейнічае бізнес-інкубаратар у прысталіччы. Усяго ў вобласці – амаль 30 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Летась яны бюджэту сталічнага рэгіена прынеслі больш за 100 мільярдаў рублеў.
Выбарчая кампанія ідзе поўным ходам на Міншчыне
Да 8 лютага, згодна з заканадаўствам, павінны быць створаны акруговыя камісіі па выбарах у абласны Савет дэпутатаў. Прэтэндэнты на членства ў іх – а гэта прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, вылучэнцы працоўных калектываў – падаюць адпаведныя заяўкі. Пры разглядзе кандыдатур будуць улічвацца іх дзелавыя якасці, вопыт работы ў папярэдніх выбарчых кампаніях.
Паляванне як турыстычны накірунак развіваюць на Міншчыне
Толькі ў Нацыянальным парку «Нарачанскі» летась арганізавалі два дзесяткі паляўнічых тураў. Штогод жадаючых правесці вольны час са стрэльбай расце. На Мядзельшчыне летась прымалі не толькі беларусаў. Паляваць прыехала і каля сотні замежнікаў. У асноўным гэта – расіяне.
Дабрачынная акцыя пройдзе ў Слуцку
Зоркі беларускай эстрады дадуць канцэрт, сродкі ад якога пойдуць на набыцце інвалідных калясак для хворых дзяцей. Гэта – ужо чацверты этап адмысловага Non-Stop марафону, арганізаванага абласным камітэтам БРСМ. Папярэднія прайшлі ў Маладзечне, Капылі і Салігорску. У Слуцку, у межах марафону, зладзілі фотавыставу з удзелам выхаванцаў хоспіса, чэмпіянат па брэйк-дансу і семінар, прысвечаны праблемам дзяцей-інвалідаў. Наступным «эстафету міласэрнасці» прыме Беразіно.
Морацкі цэнтр раместваў – гэта ў Клецкім раене – аднаўляе працу
Летам яго будынак знішчыў пажар. Шкадавалі тады не столькі памяшкання, а колькі таго, што ў ім захоўвалася. А захоўваліся там сапраўдныя шэдэўры – рэчы, зробленыя рукамі мясцовых майстроў. Зараз аматары народнай творчасці могуць не хвалявацца. Для цэнтра раместваў знайшлі новы будынак. Дарэчы, установу плануюць уключыць у спецыяльны турмаршрут. Так што ацаніць «ручную работу» змогуць усе жадаючыя.
Першаму нясвіжскаму князю і выбітнаму грамадскаму дзеячу – Мікалаю Радзівілу Чорнаму – 495 год
Яго называлі «некаранаваным каралем» ВКЛ. Дзякуючы Мікалаю Радзівілу ў Беларусі з'явілася першая друкарня, была заснавана бібліятэка, а Нясвіж стаў цэнтрам кальвінізму ў Вялікім княстве Літоўскім. Памер вялікі рэфарматар у 1565 годзе.
Моладзь Міншчыны выходзіць на старт
У Маладзечанскім раене – абласныя спаборніцтвы па зімовым мнагабор'і. Стральба, сілавая падрыхтоўка, лыжная гонка. На старт заступілі 60 чалавек. Турнір прымеркаваны да 65 гадавіны Вялікай Перамогі. Прызераў у асабістых і камандных заліках чакаюць прэміі, каштоўныя падарункі, граматы. А таксама – пуцеўка на рэспубліканскія спаборніцтвы. Яны пройдуць 18-20 лютага ў Наваполацку.