У Беларусі сёння выпала да 40% месячнай нормы ападкаў
Міжземнаморскі цыклон істотна падкінуў снегу. За мінулыя суткі вышыня снежнага покрыва ў многіх рэгіёнах краіны павялічылася на 3—11 см, а ў Мінску — на 9 см,
паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.
Колькасць ападкаў у заходніх і цэнтральных раёнах краіны склала 10‑40% месячнай нормы. Паводле звестак на раніцу 1 лютага вышыня снежнага покрыва па Беларусі вагаецца ад 16 см у Ашмянах да 46 см у раёне метэастанцыі Нарач
(такое высокае снежнае покрыва ў першы дзень лютага не адзначалася ў Беларусі з 2004 года).
У сталіцы вышыня снега дасягае 38 см.
Самыя высокія гурбы снегу ў Мінску былі ў сакавіку 1996 года — 54 см.
У Брэсцкай вобласці самае высокае снежнае покрыва адзначаецца ў Ганцавічах, дзе складае 32 см, у Гродзенскай — у Лідзе (29 см), у Віцебскай — у раёне метэастанцыі Полацк (31 см), у Магілёўскай — у Бабруйску і Касцюковічах (27 см) , у Гомельскай — у Жлобіне (31 см), у Мінскай — у раёне метэастанцыі Нарач (46 см).
На тэрыторыю Беларусі ўжо перамясціўся цэнтр міжземнаморскага цыклону. Снегапады працягваюцца.
У Гомельскай і Магілёўскай абласцях, якія апынуліся пад уплывам цёплага сектара цыклону, месцамі адзначаюцца дождж і галалёд. Тэмпература паветра раніцай 1 лютага складае ад плюс 1 градуса на паўднёвым усходзе да мінус 5 градусаў на паўночным захадзе краіны.