У Беларусі з'явяцца кадэцкія вучылішчы
Указ № 54 «Аб кадэцкіх вучылішчах» падпісаў 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка.
«Кадэцкія вучылішчы могуць адкрывацца абласнымі і Мінскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі «ў мэтах стварэння ўмоў для падрыхтоўкі грамадзян да службы ва Узброеных сілах, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях, органах унутраных спраў, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях», паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Указам зацверджана Палажэнне аб кадэцкім вучылішчы, якім вызначаны асноўныя мэты і задачы дзейнасці, правілы прыёму, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу і побыту кадэтаў.
Вучылішча — гэта агульнаадукацыйная ўстанова, у якой навучаюцца і выхоўваюцца вучні 8—11 класаў.
Асноўнай задачай вучылішча з"яўляецца забеспячэнне атрымання кадэтамі агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама першасных ведаў і навыкаў ваеннай справы. Стварэнне кадэцкіх вучылішчаў плануецца на базе дзейных школ-інтэрнатаў.
Прыём у кадэцкае вучылішча будзе ажыццяўляцца па конкурсе на падставе ўступных экзаменаў і з улікам вынікаў медыцынскага агляду, псіхалагічнага адбору, узроўню фізічнай падрыхтоўкі. Дзеці-сіроты і дзеці ваеннаслужачых, якія загінулі (памерлі) пры выкананні абавязкаў ваеннай службы, залічваюцца ў вучылішча без уступных экзаменаў.
Прыняцце ўказа «скіравана на адкрыццё ўстаноў адукацыі новага тыпу, накіраваных на фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму, дысцыплінаванасці і адказнасці, здольнасці стойка пераносіць цяжкасці, а таксама на забеспячэнне жыццёвага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей ваеннаслужачых, якія загінулі (памерлі) пры выкананні абавязкаў ваеннай службы».