Вырашаецца пытанне аб правядзенні чарговай амністыі
Прапрацоўваецца пытанне аб правядзенні ў 2010 годзе ў Беларусі чарговай амністыі. Пра гэта паведаміў 28 студзеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў.
Паводле яго слоў, пытанне аб правядзенні амністыі зараз абмяркоўваецца ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. Рашэнне можа быць прынята пасля атрымання ўсіх заключэнняў, адзначыў міністр.
Колькасць асоб, якія могуць трапіць пад амністыю з нагоды 65‑годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пакуль не падлічвалася. «МУС заўсёды выступае за тое, каб у месцах пазбаўлення волі як мага менш было асоб, што адбываюць пакаранне», — сказаў Куляшоў.
Папярэдняя амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе. З закрытых устаноў былі вызвалены 2.126 чалавек, тэрмін заключэння на адзін год скарочаны 9.345 грамадзянам.