У Беларусі плануецца ўвесці крымінальную адказнасць адносна даўжнікоў
Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў.
У мінулым годзе, паводле звестак Мінюста, з 1,9 млн. выканаўчых дакументаў амаль 13 працэнтаў былі закончаны актамі аб немагчымасці спагнання. Такім чынам, не ўдалося атрымаць каля Br44 млрд. У прыватнасці, гэта адбываецца з-за таго, што даўжнікі наўмысна хаваюць маёмасць, даходы, не працуюць.
Менавіта таму за наўмыснае ўхіленне ад выканання рашэнняў суда і будзе ўведзена крымінальная адказнасць.
Аднак міністр адзначыў, што, хутчэй за ўсё, гэта не будзе пазбаўленне волі, а будуць іншыя віды крымінальнага пакарання. Гэта будзе праводзіцца ў рамках заканадаўства і Канстытуцыі Беларусі.
Крымінальная адказнасць адносна даўжнікоў ужо ўведзена ў Літве, Казахстане, Ізраілі і іншых краінах.