З-за візіту Туркменбашы ў Нацыянальнай бібліятэцы замкнулі наведвальнікаў
Людзям давялося чакаць 1,5 гадзіны пакуль Лукашэнка і Бердымухамедаў паабедаюць.
Заявіўшы, што ў бібліятэцы знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя, ахоўнікі перагарадзілі ўсе выхады.«Я быў проста абураны, - распавёў адзін з наведвальнікаў, які апынуўся запертым. - Ахоўнікі перакрылі дарогу і заявілі, што пакуль у будынку знаходзіцца ўрадавая дэлегацыя, нас нікуды не выпусцяць. На пытанне, як доўга тут давядзецца чакаць, яны заявілі, што да трох гадзін дня. Трэба сказаць, што ў той момант яшчэ не было і 12-ці. На шчасце, праз паўтары гадзіны ўсіх выпусцілі, але нервы добра папсавалі. Я ж толькі на хвілінку заскочыў у бібліятэку, каб зрабіць копію артыкула і, натуральна, спазніўся на працу».
Да таго ж на выхадзе ўсіх наведвальнікаў чакала праверка на металадэтэктары.
Нагадаем, што ў гэтыя дні ў Беларусі знаходзіцца дэлегацыя Туркменістана разам з прэзідэнтам Гурбангулы Бердымухамедавым. 26 студзеня туркменскі кіраўнік наведаў Нацыянальную бібліятэку. Там кіраўнік Туркменістана «зрабіў аглядную экскурсію, пабываў у чытальных залах, музеі рэдкай кнігі», паведамляе БелТА.
Па завяршэнні экскурсіі да яго далучыўся і Аляксандр Лукашэнка, пасля чаго там жа, у бібліятэцы, адбыўся працоўны абед кіраўнікоў.
А пакуль Лукашэнка і Бердымухамедаў абедалі, наведвальнікі цярпліва чакалі, калі ж бібліятэка зноў адкрые для іх свае дзверы, каб выпусціць назад.