Ток‑шоу «Выбар»: 95% гледачоў не хочуць мірыцца з падаражэннем аўто
Такія звесткі апытання тэлегледачоў, якое прайшло 25 студзеня падчас ток‑шоў «Выбар» на дзяржтэлеканале АНТ.
Вынікі ў самым пачатку перадачы. |
Чарговы выпуск ток‑шоў «Выбар» быў прысвечаны падаражэнню аўтамабіляў у сувязі з уступленнем у сілу новых пошлінаў у межах Мытнага саюза. Тэлегледачам прапаноўвалася адказаць на пытанне: «Ці вы гатовыя змірыцца з пошлінамі на іншамаркі дзеля ўсіх плюсаў Мытнага саюза?»
Вынікі галасавання былі пад канец перадачы прыкладна такія: «не» — 33 500, «так» — 1900 (95% — 5%).
***
Як паведамлялася раней, пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізічнымі асобамі з 1 ліпеня вырастуць да ўзроўня аналагічных расейскіх пошлінаў. Стаўкі мытных пошлінаў на аўтамабілі, якія ўвозяцца фізічнымі асобамі, у Расейскай Федэрацыі значна вышэй за тыя, што дзейнічалі ў Беларусі. Так, на аўтамабілі, якія былі ў эксплуатацыі, яны вар’іруюцца ў Расеі ад 1,5 еўра за 1 см куб. да 5,8 еўра за 1 см куб., у залежнасці ад працоўнага аб’ёму рухавіка.
Стаўкі для юрасобаў выраслі з 1 студзеня 2010 года. Беларускія аўтадылеры пачалі працу ў новым годзе напачатку са спынення продажаў, а затым з павелічэння коштаў. Кошты выраслі на 20‑30% у параўнанні з 2009 годам.