"За адмову ад мовы Беларусь атрымала дывідэнды ад Расіі"
26.01.2010 09:37
—
Новости Общества
Роўна 20 год назад, 26 студзеня 1990 г., Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах БССР”, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Падкрэслім: надзвычай смелы для тагачаснай Беларусі закон быў ухвалены менавіта партыйнымі бонзамі. У краіне пачалася беларусізацыя.
Акцыя пратэсту на прыступках Мінгарсавету ў снежані 1994-га. Фота з кнігі С. Навумчыка "Сем гадоў Адраджэньня” |
Гарбачоў дазволіў
У Саюзе напоўніцу ішла перабудова. Яшчэ ў 1988-м пабачыў свет рэвалюцыйны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгава "Курапаты — дарога смерцi", і тысячы беларусаў упершыню выправіліся з шэсцем да ўрочышча пад Мінскам. Увесну 1989-га адбыліся першыя адносна свабодныя выбары народных дэпутатаў. Па ўсёй рэспубліцы шырылася папулярнасць Беларускага Народнага Фронту. Атрымаўшы адмашку ад генсека ЦК КПСС Гарбачова, які заявіў, што карэннае насельніцтва савецкіх рэспублік мае поўнае права зацвердзіць уласную мову ў якасці дзяржаўнай, Вярхоўны Савет БССР стварыў Камісію па падрыхтоўцы прапановаў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў. Таксама з’явілася рабочая група па падрыхтоўцы праекта закона, у якую ўвайшлі літаратары Ніл Гілевіч (старшыня) і Барыс Сачанка, міністры культуры Яўген Вайтовіч і народнай адукацыі Мікалай Дзямчук, мовазнаўцы Вячаслаў Рагойша, Пятро Садоўскі, Міхаіл Яўневіч, Аляксандр Падлужны, сакратар Мінскага гаркома КПБ Пётр Краўчанка...
26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўны Савет БССР 11 склікання пачаў абмеркаванне законапраекта.
“Пры [папярэднім] абмеркаванні праекту ў друку 15 тысяч чалавек выказаліся за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы. За месяц да прыняцця закону такі статус быў вымушаны прызнаць і ЦК КПБ на сваім пленуме, імкнучыся перахапіць ініцыятыву БНФ, які патрабаванне гарантыяў беларускай мове зрабіў адным з галоўных сваіх праграмных палажэнняў, — прыгадвае ў кнізе “Сем гадоў Адраджэньня” (2006) дэпутат ВС 12-га склікання, журналіст Сяргей Навумчык. — Аднак грамадскія настроі маглі б быць і не ўлічаныя, як здарылася гэта на некалькі тыдняў раней з новым выбарчым законам, калі б у камісіі і непасрэдна на сесіі ВС у абарону дзяржаўнасці беларускай мовы ня выступілі дэпутаты Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Іван Чыгрынаў, Іван Шамякін, віцэ-прэм’ер Ніна Мазай, міністр адукацыі Міхаіл Дзямчук і сакратар менскага гаркаму кампартыі Пятро Краўчанка. Сярод дэпутатаў былі актыўныя праціўнікі закону, найперш з ліку прамысловай наменклатуры. Аднак гэта быў той самы выпадак, калі шматгадовая звычка галасаваць як загадвае партыйнае начальства спрацавала не на шкоду, а на карысць нацыі”.
Адным з галоўных пытанняў падчас абмеркавання стаў статус “дзяржаўнай мовы”. Частка дэпутатаў супраціўлялася таму, каб яго атрымала выключна беларуская. Аднак прыхільнікаў было больш. "Придание русскому языку статуса государственного практически не меняет положения с белорусским языком. Как более сильный, русский язык, получив равный с национальным языком статус, окончательно перевесит над белорусским языком", — заявіў з трыбуны міністр культуры Дзямчук.
Урэшце адбылося галасаванне, на якім 332 дэпутаты падтрымалі рэвалюцыйны моўны закон, 27 прагаласавалі “супраць”, яшчэ 9 “устрымаліся”. Беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай, а расійская — мовай мiжнацыянальных зносiн. Пасля гэтага былі прынятыя пастановы “Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона БССР “Аб мовах БССР” і Закона “Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі БССР”.
Жарсці вакол статусу
“Тады быў такі рэфарматарскі час, адчуваўся вецер пераменаў, пад уздзеяннем якога многія і прымалі нехарактэрныя, здавалася б, для сябе рашэнні, — прыгадвае ў інтэрв’ю TUT.BY тагачасны дэпутат ВС 11 склікання і старшыня Беларускага рэспубліканскага савету прафсаюзаў Ўладзімір Ганчарык. — Аднак агульнае ўражанне ад таго абмеркавання, што ў цэлым моўная рэформа ўспрымалася станоўча, як належнае. Не памятаю і таго, каб нехта рэзка супраць яе тады выступаў. Тыя, хто быў адназначна супраць, больш маўчалі. Іншыя наадварот усімі сіламі намагаліся прадэманстраваць сваю прыхільнасць да нацыянальнага”.
Прыняўшы рэвалюцыйны закон, некаторыя дэпутаты, нібыта апамятаўшыся, пачалі патрабаваць прыняцца да яго дадатковых паправак, якія б дазвалялі “паводле жадання грамадзян” навучаць дзяцей у дашкольных установах і школах па-расійску. Па сутнасці, папраўкі перакрэслівалі прыняты раней закон, і, да здзіўлення многіх, пісьменнік і віцэ-прэзідэнт АН БССР Іван Навуменка, які старшынстваваў на паседжанні, паставіў іх на галасаванне. Абурыліся не толькі міністры адукацыі і культуры, але і народны пісьменнік Іван Шамякін, які звычайна пазбягаў канфліктных сітуацый. З адной з апошніх прамоў перад галасаваннем выступіў сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін. Той самы Кузьмін, які ратаваў ад шальмавання Быкава і Адамовіча: “В 1958 году в Минске было восемь белорусскоязычных школ. Когда же было введено правило, что родители определяют, на каком языке учить их детей, то мы получили заявления от родителей только четверых первоклассников с просьбой обучать их детей на белорусском языке. И все 8 школ с белорусским языком обучения сразу перешли на русский язык. Если мы сейчас примем такую редакцию, которую предлагает товарищ Петрович, весь этот закон теряет смысл".
Папраўкі адхілілі.
Беларусізацыя за 10 год
“У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статуса дзяржаўнай мовы Беларускай ССР”, — абвяшчаў Закон “Аб мовах БССР”.
У дакуменце вызначаліся тэрмiны пераходу розных сфераў жыцця рэспублікі на беларускую мову, якая мусіла атрымаць усебаковае разьвiцьцё. Так, тры гады давалася на пераход на мову сфераў культуры, навукі і СМІ, у аб’явы і гандаль, 3-5 гадоў — на засвойванне яе афіцыйнымі асобамі і чыноўнікамі, перавод на з’ездаў і канферэнцый, 5 — на беларусізацыю сістэмы справаводства, медыцыны, тэхнічнай дакументацыі і сферы абслугоўвання, 10 — сістэму судаводства, юрыдычнай сферы і ўсёй сістэмы адукацыі.
Для пераўтварэння Закона “Аб мовах” у жыццё 20 верасня 1990 года Саўмін БССР выпусціў Пастанову N 240 “Аб дзяржаўнай праграме развiцця беларускай мовы i iншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”.
“Калі мы прыйшлі ў парламент, Закон “Аб мовах” ужо ўкараняўся ў жыццё, — распавядае ў інтэрв’ю TUT.BY дэпутат (1990-96) і старшыня (1994-94) Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. — Была створана камісія па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны на чале з Нілам Гілевічам. Разам з прадстаўнікамі ўраду Кебіча яны распрацоўвалі праграму, як найхутчэй выканаць гэты закон. Канечне, пытанне мовы — надзвычай складанае. Змена бланкаў, пячатак, назваў, тэхнікі — усё гэта вымагала каласальных выдаткаў. А галоўнае — трэба было рыхтаваць людзей. Не ўсе хацелі, не ўсе рабілі гэта з задавальненнем, бо патрабавалася пэўная напруга, асабістыя высілкі. План быў доўгатэрміновы і рабіць яго трэба было паступова. А наша камісія крыху спяшалася. Я іх разумею, бо хацелася хутчэй ажыццявіць беларусізацыю, каб усё вярнулася на свае месцы, стала незваротным. Аднак паспешнасць, як я і меркаваў, дала адваротны эфект. Многім наступілі на мазалі, і частка людзей пачала ўспрымаць гэты працэс не так, як нам гэтага хацелася”.
На пэўную паспешнасць беларусізацыі наракае і Ўладзімір Ганчарык, на думку якога, надзвычай радыкальная пазіцыя ідэолагаў БНФ “выклікала супраціў старэйшых слаёў грамадства. Аднак у цэлым людзі ўспрымалі гэта нармальна, і праграма развіцця моваў актыўна пераўтваралася ў жыццё. Паступова адбываўся перавод справаводства на беларускую мову, нават вайсковая тэрміналогія была распрацаваная…”
А вось намеснік кіраўніка камісіі па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны у ВС 12 склікання Алег Трусаў лічыць беларусізацыю пачатку 1990-х “кволай і непаўнавартаснай”. “Сапраўдная беларусізацыя была ў 1920 гадах, калі яна ажыццяўлялася па загадзе партыі. У 1990-я чыноўнікі розных узроўняў рабілі ўсё, каб не выконваць палажэнні Закона “Аб мовах”. Як чалавек, які кантраляваў выкананне закона, магу сказаць гэта поўнай адказнасцю, што прымусу аніякага не было, наадварот мы спадзяваліся на волю грамадзян, — распавядае нязменны старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. — Пры ўсім пры тым, моўная праграма выконвалася, і да рэферэндуму 1995 года 75% усіх першакласнікаў у краіне вучыліся па-беларуску. Прычым, у Мінску ніхто з бацькоў не пратэставаў супраць пераводу. Сёння, дай Бог, калі гэтая лічба складае 18%”.
Як беларусы здзівілі Ельцына
Другое дыханне Закону “Аб мовах”, па словах Мечыслава Грыба, было нададзена з прыняццем ВС 15 сакавіка 1994 года Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая абвясціла рэспубліку “ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльна-прававой дзяржавай” з прэзідэнцкай формай кіравання, а беларускую мову адзінай дзяржаўнай.
“Радасці было! — прыгадвае тагачасны спікер ВС. — Прадстаўнікі БНФ крычалі, што гэта іх перамога, хаця ў Вярхоўным Савеце іх было чалавек 30 з 345 дэпутатаў. Перамога была агульная. Усё ішло нармальна, калі б не жаданне новага кіраўніцтва Беларусі спадабацца Расіі і прэзідэнту Ельцыну, у прыватнасці, атрымаць ад іх нейкія выгоды. І тады пытанне аб мове і сімволіцы было вынесена на рэферэндум”.
Першы прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў рэферэндум 14 траўня 1995 года, які надаў рускай мове быў статус дзяржаўнай (“за” — 88,3%, “супраць” — 12,7%), замяніў бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоню” на перапрацаваную савецкую сімволіку, зацвердзіў эканамічную інтэграцыю з Расіяй. 19 дэпутатаў апазіцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму, былі збітыя АМОНам і выкінутыя з будынка Дома ўраду.
“Потым, кажуць, Ельцын вельмі здзівіўся: “О, это ж надо! В Беларуси даже русский язык сделали государственным! Думаю, кіраўніцтва Беларусі атрымала ў той час ад Расіі вялікія дывідэнды за гэта”, — кажа Мечыслаў Грыб.
“Над намі смяецца ўвесь свет”
Алег Трусаў сцвярджае, што працэс адраджэння і развіцця мовы тытульнай нацыі быў згорнуты пасля рэферэндуму 1995 года, які пазбавіў яе статусу адзінай дзяржаўнай, а таксама пасля прыняцця новага Закону “Аб мовах” узору 1998 года. “У закон былі ўнесеныя змены, якія пярэчаць Канстытуцыі і не забяспечваюць рэальнай роўнасці беларускай і расійскай моў. У 2003 годзе гэта прызнаў Канстытуцыйны суд. З таго часу мы змагаемся за вяртанне закону ў канстытуцыйная рамкі, нам штогод абяцаюць гэтыя змены ўнесці, але так нічога і не робіцца”, — тлумачыць старшыня ТБМ.
Вынік палітыкі русіфікацыі — жаласны. “На літаратурнай расійскай мове сёння ў Беларусі размаўляюць, па розных падліках, ад 1 да 5 працэнтаў. Астатнія — на трасянцы. Атрымалася, што, адмовіўшыся ад сваёй мовы, і расійскай не вывучылі. А расійскае насельніцтва ў апошнія гады сюды ўжо не прыязджае. Як вынік, цяпер увесь свет над намі смяецца”, — кажа Трусаў. Пры гэтым ён заўважае, што ў параўнанні з 1990 годам стан беларускай мовы ў Беларусі значна палепшыўся.
“Пачынаючы з брэжнеўскіх часоў, у Беларусі не было ніводнага беларускамоўнага класа. Матчыну мову вывучалі з 4 да 8 класа, вызвалялі ад яе ўсіх ахвочых і нават беларускую літаратуру чыталі па-расійску, — гаворыць Алег Трусаў. — Цяпер у Мінску ўсё ж шэсць беларускамоўных гімназій, ужо не кажучы пра тое, што мову абавязкова вывучаюць з першага класа, ва ўсіх універсітэтах. Ну, і галоўнае дасягненне, што за гэтыя 20 год адносіны да мовы змяніліся ад адмоўных да станоўчых. Калі ў 1982-м я цалкам перайшоў на беларускую мову, то першыя пяць гадоў адчуваў сябе, мякка кажучы, не вельмі ёмка. Апошнія ж 10 год я наадварот пачуваюся цудоўна. Таксісты мяне бясплатна возяць. Самыя розныя людзі — ад міліцыі да КДБ — робяць кампліменты”.
А што, калі б..
Карацей, што заслужылі, тое і маем. Але так хочацца часам памарыць, а што было б з матчынай мовай, калі б не рэферэндум 1995 года, не заход адраджэння?
Алег Трусаў лічыць галоўнай памылкай адраджэнцаў на пачатку 1990-х, што “не з таго пачалі”. “Трэба было спачатку брацца не за школы, а за ўніверсітэты. Калі б мы за два гады перавялі ўсе ўніверсітэты на беларускую мову, школы б самі перайшлі, як гэта адбылося ва Ўкраіне. Паўнавартасную беларускамоўную сістэму вышэйшай адукацыі цалкам рэальна было зрабіць за пяць год. І разбурыць яе потым было б вельмі цяжка, бо, напрыклад, тыя выкладчыкі, якія пачалі чытаць лекцыі па-беларуску тады, працягваюць і цяпер, — прыпускае лідэр ТБМ. — Цяпер бы ў беларускамоўныя школы стаялі б чэргі, а “рускіх” засталося б 10-15%. І польскія, і літоўскія былі б…”
Мечыслаў Грыб мяркуе, што праграма развіцця мовы дагэтуль не была б завершана. “Аднак Беларусь знаходзілася б зусім на іншай прыступцы развіцця. Глядзіце, мы прынялі Канстытуцыю нароўні з украінцамі, у якіх адзінай дзяржаўнай мовай таксама была абвешчана адна ўкраінская. Цяпер усё ўкраінскае чынавенства натуральным чынам размаўляе па-ўкраінску. Пры гэтым у Кіеве (часткова) і на Ўсходзе краіны многія па-ранейшаму міжсобку размаўляюць па-расійску ці на трасянцы. Тое самае было б і ў нас. Чынавества, справаводства, навучанне — усё было б беларускамоўным, але гэта б не замінала значнай частцы насельніцтва размаўляць па-расійску”, — разважае экс-старшыня Вярхоўнага Савету.