Дзесяць год, як беларускамоўныя

Источник материала:  
26.01.2010 09:22 — Новости Общества

У 2000 годзе школы, міліцыя і войска мусілі цалкам перайсці на беларускую мову. «Закон аб мовах у Беларускай ССР», прыняты Вярхоўным Саветам БССР 26 студзеня 1990 года, адводзіў на беларусізацыю дзяржаўных устаноў 10 гадоў.

«Мова — не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і найважнейшая частка яго культуры. Жыве мова — жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць — неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву. Гонар і абавязак усіх — шанаваць родную мову, судзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў». Гэтымі словамі пачынаецца «Закон аб мовах у Беларускай ССР».

Закон, які прадугледжваў наданне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай, быў прыняты 26 студзеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР ХІ склікання — пераканаўчай большасцю галасоў. Вось як у сваіх успамінах узгадвае поўныя радаснага хвалявання першыя хвіліны пасля галасавання Ніл Гілевіч, ён быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекта Закона: «Калі на табло загарэліся выніковыя лічбы — воплескі ў залі прагучалі грымотныя. Старшыня Вярхоўнага Савету тут жа абвясціў на 15 хвілінаў перапынак,— думаю, наўмысна, каб даць людзям абмяняцца пачуццём радасці. І дэпутаты гэтай радасці не хавалі, і горача віншавалі адзін аднаго з перамогай. Збылося! Сталася! Здзейснілася! Беларуская мова ў Беларусі ад гэтага часу — дзяржаўная! Многія ад радасці рашылі і скончыць на гэтым свой сённяшні рабочы дзень. Незвычайны, сапраўды гістарычны дзень! Тое, з-за чаго столькі перажывалі, хваляваліся, трымцелі душою,— адбылося. Закон прыняты! Усё! Назад ужо цяпер не адкруціш! (Запомнім, чытач, гэтыя словы, гэтыя наіўныя словы)».

Пазней на аснове Закону аб мовах была складзена Дзяржаўная Праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларусі. Камісію па стварэнні праграмы ўзначальвала Ніна Мазай. 28 верасня 1990 г. праект праграмы зацвердзіў Савета міністраў і яна пачала ажыццяўляцца на ўсіх узроўнях. Закон прадугледжваў паступовы пераход да ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і палітычнага жыцця. Да канца 2000 года па-беларуску мусілі запрацаваць установы адукацыі, праваахоўныя органы, войска і г.д. Аднак Ганебны рэферэндум 1995 года перакрэсліў гэтыя планы, вярнуўшы расійскай мове статус дзяржаўнай. Выжыванне і развіццё беларускай мовы стала клопатам незалежнага грамадства.

←Скандальный «Выбор»: Белорусы не будут мириться с подорожанием авто

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика