Трусаў: За 20 год стан беларускай мовы ў Беларусі значна палепшыўся
25.01.2010 18:31
—
Новости Общества

Нагадаем, 20 год назад, 26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон “Аб мовах”, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай ў Беларусі.
“Пачынаючы з брэжнеўскіх часоў, у Беларусі не было ніводнага беларускамоўнага класа. Матчыну мову вывучалі з 4 да 8 класа, вызвалялі ад яе ўсіх ахвочых і нават беларускую літаратуру чыталі па-расійску, - гаворыць Алег Трусаў, які з 1990 по 1995 гады быў намеснікам старшыні камісіі Вярхоўнага савету па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. - Цяпер у Мінску ўсё ж шэсць беларускамоўных гімназій, ужо не кажучы пра тое, што мову абавязкова вывучаюць з першага класа, ва ўсіх універсітэтах. Ну, і галоўнае дасягненне, што за гэтыя 20 год адносіны да мовы змяніліся ад адмоўных да станоўчых. Калі ў 1982-м я цалкам перайшоў на беларускую мову, то першыя пяць гадоў адчуваў сябе, мякка кажучы, не вельмі ёмка. Апошнія ж 10 год я, наадварот, пачуваюся цудоўна. Таксісты мяне бясплатна возяць. Самыя розныя людзі - ад міліцыі да КДБ - робяць мне кампліменты”.
Пры гэтым старшыня ТБМ заўважае, што працэс адраджэння і развіцця мовы тытульнай нацыі быў згорнуты пасля рэферэндуму 1996 года, які пазбавіў беларускую статусу адзінай дзяржаўнай, а таксама пасля прыняцця ў 1998-м новай рэдакцыі Закону "Аб мовах". “У закон былі ўнесеныя змены, якія пярэчаць Канстытуцыі і не забяспечваюць рэальнай роўнасці беларускай і расійскай моў. У 2003 годзе гэта прызнаў Канстытуцыйны суд. З таго часу мы змагаемся за вяртанне закону ў канстытуцыйная рамкі, нам штогод абяцаюць гэтыя змены ўнесці, але так нічога і не робіцца”.
Алег Трусаў таксама паведаміў, што 26 студзеня а 13.00 у сядзібе ТБМ (Румянцава, 13) адбудзецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная 20-годдзю прыняцця гістарычнага Закона “Аб мовах” і сучаснаму стану мовы.