Прэзідэнт Туркменістана наведае Беларусь 25-26 студзеня
Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў упершыню наведае Беларусь з афіцыйным візітам 25—26 студзеня.
![]() |
Пра гэта ён паведаміў 22 студзеня на пасяджэнні Кабінета міністраў, на якім абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі візіту.
«Праграма гэтага візіту вельмі насычаная, што сведчыць аб тым значэнні, якое надаецца ўмацаванню адносінаў і ўсебаковаму пашырэнню супрацоўніцтва нашай краіны з Рэспублікай Беларусь», — цытуе Бердымухамедава агенцтва Регнум Новости.
На яго думку, «туркмена‑беларускае партнёрства мае багаты пазітыўны вопыт сумеснай працы, назапашаны апошнімі гадамі, і салідны патэнцыял, які неабходна задзейнічаць у поўнай ступені». У сувязі з гэтым Бердымухамедаў даручыў адпаведным кіраўнікам «забяспечыць выніковасць гэтага візіту і перамоў на вышэйшым узроўні, закліканых надаць традыцыйнаму міждзяржаўнаму дыялогу новую дынаміку развіцця, якая адпавядае ўзаемным інтарэсам».
«Варта адзначыць важнасць працы туркмена‑беларускай міжурадавай камісіі ў кантэксце актывізацыі і дыверсіфікацыі ўзаемавыгадных двухбаковых сувязей, нарошчвання тавараабароту паміж дзвюма краінамі, у тым ліку за кошт пашырэння наменклатуры тавараў, а таксама павелічэння аб’ёмаў экспарту прадукцыі айчынных вытворцаў», — сказаў ён.
Як раней паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка асабіста запрасіў Гурбангулы Бердымухамедава наведаць Беларусь падчас візіту ў Туркменістан у чэрвені 2009 года.
***
Тады паводле вынікаў перамоў кіраўнікі дзяржаў падпісалі пратакол да пагаднення аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве ў сферы паставак у Туркменістан сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, аўтобуснай і іншай тэхнікі, заключанага ў маі 2002 года ў Ашгабадзе, а таксама сумеснае камюніке.
Быў заключаны кантракт на закупку трактароў «Беларус» і запчастак да іх. Беларусь на працягу дзевяці месяцаў павінна паставіць у Туркменістан 1,5 тыс. адзінак тэхнікі МТЗ на 33 млн. даляраў.
Падпісаны пагадненні аб міжнародных аўтамабільных пасажырскіх і грузавых зносінах, аб супрацоўніцтве ў эканамічнай сферы, у мытных справах, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе па пытаннях выканання падатковага заканадаўства, а таксама ў сферы спорту і турызму, друку і інфармацыі, навукі і тэхналогій, культуры, адукацыі, аховы здароўя і медыцынскай навукі.
Паводле звестак беларускай статыстыкі, Туркменістан па аб’ёме тавараабароту і экспарту беларускай прадукцыі займае сёмае месца сярод краін СНД. У 2008 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў амаль 50 млн. даляраў, за чатыры месяцы 2009 года — 12,4 млн. даляраў.
У структуры беларускага экспарту ў Туркменістан асноўную долю складаюць трактары, дарожная тэхніка, грузавыя аўтамабілі, а таксама пластмасавая тара, тканіны, галаўныя ўборы, формы для металаліцейнай вытворчасці.
Афіцыйна пацвердзіць інфармацыю пра візіт прэзідэнта Туркменістана ў Беларусь пакуль не ўдалося.