А.Чубрык: Галоўная прычына скарачэння насельніцтва — высокі працэнт эміграцыі

Источник материала:  
21.01.2010 16:12 — Новости Общества

Папярэднія звесткі перапісу насельніцтва Беларусі паказалі, што на 14 кастрычніка 2009 года яго колькасць складала складала 9 млн. 489 тыс.

Пра гэта паведаміў 21 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Уладзімір Зіноўскі.

Паводле звестак перапісу 1999 года, у Беларусі пражывалі 10 мільёнаў 45 тысяч чалавек. Такім чынам, за 10 гадоў насельніцтва краіны скарацілася на 5,5 працэнта.

Нечаканае скарачэнне колькасці беларускага насельніцтва беларускія эксперты звязваюць з высокім працэнтам эміграцыі, які статыстычна вылічыць вельмі цяжка, бо далёка не ўсе эмігранты рэгіструюць свой пераезд у іншую краіну.

«Розніца паміж бягучай статыстыкай і звесткамі перапісу 1999 года склала 133 тысячы чалавек, а ў 2009 годзе — на 175 тысяч чалавек. Відавочна, што гэта так званае «чыстае сальда міграцыі» за 1990-1999 і 2000-2009,

— кажа беларускі эксперт Аляксандр Чубрык. — Але калі паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў з тых, хто з’ехаў, было даволі шмат расійскіх вайскоўцаў, якія раней жылі ў Беларусі, то ў 2000-2009 гадоў з’язджалі іншыя пласты насельніцтва. Збольшага з’язджалі ў Расію, бо паміж нашымі краінамі няма мяжы».

Акрамя эміграцыі, прычыны скарачэння насельніцтва ў Беларусі ў асноўным такія ж, як і ў высокаразвітых краін, якія таксама пакутуюць ад дэмаграфічнага крызісу. Узрост людзей, якія бяруцца шлюбам, павялічваецца, і суадносна, павялічваецца і ўзрост, у якім жанчыны нараджаюць дзяцей.

Колькасць дзяцей, якую жанчына нараджае цягам жыцця, памяншаецца. Каэфіцыент фертыльнасці (сярэдняя колькасць дзяцей, якую народзіць кожная жанчына цягам свайго жыцця) у Беларусі складае ўсяго толькі каля 1,4 дзіцяці на адну жанчыну ў рэпрадукцыйным узросце (15—49 год). Вынік — натуральнае скарачэнне насельніцтва.

Цікава, што скарачэнне колькасці насельніцтва ў краіне назіраецца ад 1994 году, а гэта значыць — ад пачатку кіравання Аляксандра Лукашэнкі.

Ён, у сваю чаргу, не аднойчы адзначаў, што дэмаграфія з’яўляецца найбольш прыярытэтным накірункам у знешняй палітыцы краіны. З чым звязаны правал гэтай палітыкі?

«Краіна толькі пачала выходзіць з крызісу ў 2003 годзе. Прыкладна тады і пачалі павышацца паказчыкі нараджальнасці. Але, вядома, дэмаграфічная палітыка - надта складаная рэч. Як прымусіць людзей мець больш дзяцей? Людзі мусяць быць упэўненыя ў будучыні, але я б не сказаў, што беларусы надта ўжо ў ёй упэўненыя,» — выказаў сваё меркаванне эксперт.

Перспектывы, як і сёлетнія лічбы, таксама несуцяшальныя.

Паводле апошняга прагнозу ААН, да 2050 году насельніцтва Беларусі зменшыцца на 13—34%. Паводле аптымістычнага варыянту (скарачэнне адбудзецца «ўсяго» на 13%), узровень фертыльнасці ў краіне мусіць выйсці на 2.11 дзіцяці на адну жанчыну ў рэпрадукцыйным веку. Але сучасныя тэндэнцыі кажуць хутчэй пра большую верагоднасць «сярэдняга» сцэнару, паводле якога ў 2050 г. нас будзе на 24% меней, чым у 2010 годзе.

Да гэтай перспектывы дадаецца праблема «пасівення» насельніцтва.

Паводле «сярэдняга» прагнозу ААН, у 2050 годзе у Беларусі будзе 35% насельніцтва, старэйшага за 60 год, і 26% у веку 65 і вышэй. Доля людзей ў працаздольным веку (15—64 гадоў) упадзе з 72% у 2010 г. да 61%. Такія дэмаграфічныя тэндэнцыі лягуць вялікім цяжарам на пенсійную сістэму краіны, на рынак працы і на перспектывы доўгатэрміновага развіцця наогул.

←Ермошина не одобряет стиль одежды Юлии Тимошенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика