Па дарозе ў Івянец затрымана больш за 30 актывістаў Саюзу палякаў
Сёння зранку каля 100 актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі, які ачольвае Анжаліка Борыс, выехалі ў Івянец.
А 17 гадзіне тут у Польскім доме павінен распачацца сход па змене кіраўніцтва мясцовага аддзелу, ініцыяваны ўладамі. Аднак дабрацца да Івянца пакуль што здолелі толькі каля паловы дэлегатаў з Гродна.
Як паведаміў актывіст СПБ Андрэй Пачобут, супрацоўнікі ДАІ ўжо затрымалі больш за 30 чалавек. У кіроўцаў папросту забіраюць правы і прымусова канваююць у Шчучынскі і Валожынскі аддзелы РАУС.
«На гэтую хвіліну затрымана больш за 30 чалавек. Гэта людзі з Гродна, якія ехалі падтрымаць Івянецкі аддзел. 9 чалавек знаходзяцца ў Шчучыне, у Шчучынскім РАУС, астатнія — у Валожыне. ДАІ затрымлівала машыны, і, напрыклад, тыя машыны, якія затрыманыя ў ваколіцах Валожыну, — папросту забіралі ў кіроўцаў правы і патрабавалі, каб яны ехалі пад канвоем у Валожынскі РАУС. Нягледзячы на тое, што нас максімальна спрабавалі вылапаць, ужо каля 30 чалавек ужо тут:
кіраўніцтва арганізацыі на чале з Анжалікай Борыс і намесніцай старшыні Анжалікай Арэхва — яны ўжо ў Івянцы».
Таксама сёння кіраўніцу Івянецкага аддзелу СПБ Тэрэсу Собаль выклікалі на допыт у Валожынскі РАУС. Сустрэча са следчым прызначаная на 16 гадзіну. На думку Андрэя Пачобута, кіраўніцу мясцовага аддзелу СПБ выклікаюць, каб перашкодзіць ёй узяць удзел у сходзе арганізацыі. Перад гэтым адбылося паседжанне праўлення Саюзу палякаў, якое аднагалосна падтрымала Тэрэсу Собаль.