Кожны дзень ловяць чатырох карупцыянераў
У 2008 годзе ў Беларусі было здзейснена 3,3 тысячы карупцыйных злачынстваў, паведаміў на прэс‑канферэнцыі генеральны пракурор Рыгор Васілевіч.
Па гэтых злачынствах да крымінальнай адказнасці было прыцягнута больш за 1700 чалавек. Такім чынам, у сярэднім кожны дзень у краіне выяўлялася больш за чатырох карупцыянераў.
Агульны ўрон дзяржаве ад гэтых злачынстваў склаў 53 мільярды рублёў. Але Васілевіч выказаў спадзяванне, што гэты ўрон будзе цалкам адноўлены за кошт накладання арыштаў на маёмасць злачынцаў.
Васілевіч мяркуе, што некаторых чыноўнікаў трэба правяраць на дэтэктары хлусні адносна схільнасці да карупцыйных злачынстваў. А другім метадам могуць быць экскурсіі ў месцы пазбаўлення волі.
Самымі карупцыйнымі ведамствамі генеральны пракурор назваў прамысловасць, сельскую гаспадарку, ахову здароўя, гандаль, будаўніцтва.
Разам з тым, Рыгор Васілевіч лічыць, што нельга асуджваць доктарку на 6‑7 гадоў турмы за выпісаны бальнічны лісток. «Але яна павінна пакаяцца за здзейснены ўчынак», — сказаў Р.Васілевіч.