Мароз: тэхніка бяспекі
Асаблівай увагі гэтымі днямі патрабуюць дзеці,
для якіх зімовы шпацыр, гульня ў снежкі ці катанне на каньках — заўсёды радасць.
Апранайце іх цёпла, але не ператварайце малога ў «капусту». Адна кофта з натуральнай бавоўны сагрэе лепей, чым тры кофты з сінтэтыкі.
Растлумачце дзецям, як трэба паводзіць сябе.
Але памятайце, перасцярога кшталту: «Не аблізвай металічную трубу — язык прыліпне», можа выклікаць жаданне праверыць гэтую тэорыю.
Таксама групу рызыкі складаюць жанчыны.
Упрыгожаная бранзалетамі, завушніцамі і пірсінгам у носе прыгажуня — ды яшчэ і без шапкі, каб не папсаваць прычоску, — мае ўсе шанцы абмарозіцца.
Металы — добрыя праваднікі не толькі цяпла, але і холаду, таму зімой лепш адмовіцца ад упрыгожванняў на неабароненых частках цела.
Нельга забывацца на цёплы і зручны абутак. Лепш боты на тоўстай падэшве
— у іх вы не замерзнеце, нават калі прыйдзецца паўгадзіны прастаяць у чарзе на маршрутку.
Першая прыкмета абмаражэння — збялелі нос, вушы, пальцы рук і ног.
Не спяшайцеся расціраць абмарожаныя часткі цела рукамі, тканінай, спіртам, бо ад расцірання могуць ўтварыцца тромбы!
Пашкоджаныя ўчасткі скуры закруціце сухім кампрэсам з некалькіх слаёў ваты.
Не ўжывайце алкаголь і каву!
Такі «ўдар» па звужаных сасудах можа прывесці да іх рэзкага расшырэння і разрыву, унутранага кровазліцця і парушэння работы сэрца. Выпіце лепш цёплай гарбаты.
Можна грэць абмарожаныя рукі і ногі пад струменем вады: спачатку халаднаватай, потым цёплай. Рабіць такую працэдуру трэба хвілін 30‑40. Калі праз некаторы час адчуеце боль, сверб, значыць, усё ў парадку! У вас аднаўляецца кровазварот. Але, калі боль не сціхае, — выклікайце доктара.
Калі раптам на вашым шляху сустрэнецца чалавек, які ляжыць на снезе, не спяшайцеся адвесці вочы і рабіць паспешлівыя высновы. У такую сцюжу ягонае жыццё залежыць ад вас. Выклікайце «хуткую дапамогу».