Пашыраныя паўнамоцтвы Аператыўна-аналітычнага цэнтра
З сённяшняга дня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь надзяляецца правам ажыццяўляць аператыўна-вышуковую дзейнасць на тэрыторыі Беларусі, паведамляе рэсурс electroname.com. 4-га студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы са злачыннасцю», які ўступіў у сілу праз 10 дзён пасля падпісання.
ААЦ нядаўна прыцягнуў увагу да сябе, дзякуючы праекту ўказа аб рэгуляванні інтэрнэту ў Беларусі. Праект выклікаў шырокі розгалас ў беларускай інтэрнэт-супольнасці. Новы ўказ надаваў гэтай структуры права кантраляваць каналы доступу да сусветнага павуціння з Беларусі і ўвесь беларускі сегмент сеткі. Указ пакуль не падпісаны, хоць і знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніка дзяржавы.
Пашырэнне паўнамоцтваў ААЦ можа быць своеасаблівай падрыхтоўкай да падпісання нашумелага ўказа.
На практыцы права ажыццяўляць аператыўную дзейнасць ў інтэрнэце азначае самыя разнастайныя віды дзейнасці. Ад блакавання рэсурсаў, да адсочваня прыватнай перапіскі праз паштовыя сэрвісы і сацыяльныя сеткі.
Аператыўна аналітычны цэнтр быў створаны ў красавіку 2008 г. Да гэтага часу пры Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы існаваў іншы орган, які займаўся пытаннямі, звязанымі з функцыянаваннем ў Беларусі Інтэрнэту – Дзяржаўны цэнтр бяспекі інфармацыі. Тады новаствораная ўстанова пераважна займалася рэгістрацыяй даменаў у зоне .by і кантактамі з замежнымі арганізацыямі, дзейнасць якіх датычыла сусветнага павуціння.