Пяты дзень без святла
У Гомельскай вобласці працягваюцца работы па аднаўленні ліній электраперадачы.
Раніцай 15 студзеня без святла застаюцца 22 вёскі, паведаміў прэс‑сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў. Лініі пашкоджаны ў Лельчыцкім і Ельскім раёнах.
У Лельчыцкім раёне няма святла на малочна‑таварнай ферме, дойка кароў ажыццяўляецца ўручную.
На аднаўленні электрасеткі кругласутачна працуюць каля 50 брыгад прадпрыемства «Гомельэнерга». Усяго на ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння задзейнічана прыкладна 200 чалавек і 50 адзінак тэхнікі. Энергетыкі праводзяць новыя лініі, у многіх выпадках мяняюць апоры.
10 студзеня ў трох раёнах Гомельскай вобласці з‑за мокрага снегу і дажджу ўтварылася наледзь на правадах, што прывяло да пашкоджання некалькіх кіламетраў ліній электраперадачы.