Бягучы тыдзень у Беларусі будзе марозны
11.01.2010
—
Новости Общества
У аўторак, 12 студзеня, пад уплывам атмасферных франтоў уначы на большай частцы тэрыторыі Беларусі, а ўдзень у паўднёвых раёнах пройдзе снег. На дарогах галалёдзіца. Вецер паўночна-ўсходні, умераны.
На поўдні краіны слупок тэрмометра пакажа мінус 3 градусы. У паўночных раёнах будзе значна халадней - 14 градусаў ніжэй за нуль. Уначы пры праясненнях у Магілёўскай і Віцебскай абласцях пахаладае да 15-18 градусаў марозу.
У сераду, 13 студзеня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі ападкаў не чакаецца. Толькі ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях месцамі пройдзе невялікі снег. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ў начны час будзе вагацца ад 10 да 17 градусаў марозу. У паўночных раёнах пры праясненнях слупок тэрмометра пакажа мінус 20-23. На поўдні краіны чакаецца 7-9 градусаў ніжэй за нуль.
Удзень у паўднёва-заходніх раёнах чакаецца 6 градусаў марозу. Значна халадней будзе ў паўночна-ўсходняй частцы краіны - там слупок тэрмометра пакажа мінус 15 градусаў.
Марознае надвор'е захаваецца і ў другой палавіне тыдня. Значных ападкаў не чакаецца, у асобных раёнах магчымы невялікі снег. На дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 10 да 17 градусаў марозу, пры праясненнях месцамі 20-22 градусы ніжэй за нуль. Удзень слупок тэрмометра пакажа ад 5 да 13 марозу, месцамі - да мінус 16 градусаў.