«Белсат» павялічвае эфірны час і прэзентуе новыя праграмы

Источник материала:  
11.01.2010 13:41 — Новости Общества


«Белсат» павялічыў час трансляцыі да 6 гадзінаў і з 1 студзеня выходзіць з 17-й да 23-й гадзіны беларускага часу. У новым годзе пачалася вытворчасць новых праграмаў.

Новы год прынёс гледачам «Белсату» не толькі павялічэнне эфірнага часу на дзве гадзіны і перанос пачатку трансляцыі на 17:00, але і новыя тэлевізійныя праекты. З лютага на «Белсаце» пачнуць з’яўляцца новыя праграмы.

Ствараецца новае ток-шоу з Віктарам Шалкевічам, будзе болей культурніцкіх праграмаў, для маленькіх гледачоў — пачаткі англійскае мовы, а для больш дарослай аўдыторыі — праграма, прысвечаная мове беларускай, а таксама навінкі для тых, хто цікавіцца грамадскім і палітычным жыццём Беларусі ды свету.

Міжнародны агляд пад назваю «Пра свет» рыхтуе рэдакцыя інфармацыйных праграмаў. Праект будзе прэзентаваць незалежны беларускі погляд на падзеі ў свеце і на месца ў ім Беларусі. Аўтар — журналістка «Аб’ектыву» Аліна Коўшык.

Пра закуліссе беларускай палітыкі, эканомікі ды культуры паразмаўляе Эдуард Мельнікаў са сваймі гасцьмі ў новай публіцыстычнай праграме «Кулуары».

Праграма «Моўнік» зацікавіць і тых, хто хацеў бы палепшыць свае веды ў роднай мове, і тых, каго не пакідаць абыякавым розныя аспекты гісторыі ды сучаснасці беларускае лінгвістычнае думкі. Праект будзе мець сваю старонку на сайце «Белсату», дзе кожны зможа задаць пытанне моўным экспертам праграмы.

Гледачы «Белсату» наведаюць выбітных людзей культуры разам з аўтарамі праграмы «Мая калекцыя». У кожным выданні герой распавядзе пра сваю калекцыю — найважнейшыя кнігі, улюбёныя песні і фільмы. «Маю калекцыю» ўзбагацяць сюжэты пра культурныя падзеі ды анонсы будучых канцэртаў, выставаў, спектакляў.

«Англійская мова з Ліпі і Мэсі» — навучальны тэлесерыял, у якім два клоуны вясёла і нязмушана знаёмяць дзяцей з асновамі ангельшчыны. Праграму стварыла дзіцячая рэдакцыя Першага каналу Польскае грамадскае тэлевізіі ў супрацы са школаю англійскай мовы «Gama-Bell» у Кракаве.

На дэсерт — забаўляльнае ток-шоу «Вагон». Аўтар і вядоўца «Вагону» — вядомы беларускі бард і тэатральны актор Віктар Шалкевіч — будзе запрашаць да сябе беларусаў, з якімі варта пазнаёміцца шырэйшай аўдыторыі.

«Белсат» можна глядзець праз спадарожнікі «Sirius» і «Astra». Большасць праграмаў вытворчасці тэлеканалу даступныя для прагляду на сайце www.belsat.eu.

←Барановичский БОМЖ угнал легковушку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика