Памёр ксёндз Юозас Булька
9 студзеня ў Мінску на 85–м годзе жыцця памёр пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці Юозас Булька.
Паводле інфармацыі прэс–службы рымска–каталіцкага касцёла ў Беларусі, ксёндз Булька памёр 9 студзеня ў адной з сталічных клінік пасля паўторнай аперацыі на сэрцы, праведзенай 7 студзеня.Пахаванне Юозаса Булькі адбудуцца 11 студзеня ў Мосары. Імша пачнецца ў 11.00.
Больш за 25 гадоў ксёндз Булька служыў у прыходзе Мосар Віцебскай дыяцэзіі.
Ён стаў шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі як прапагандыст здаровага ладу жыцця.
Па ініцыятыве ксяндза ў Мосары створаны антыалкагольны музей і Алея цвярознікаў, якую заклалі прадстаўнікі клубаў ананімных алкаголікаў з Беларусі, Латвіі і Літвы. Дзякуючы святару многія жыхары Мосар і навакольных вёсак перасталі злоўжываць алкаголем.
У чэрвені 2009 Юозас Булька звярнуўся да ўладаў з просьбай забараніць продаж алкаголю ў Мосары. Ён таксама заявіў, што перад сваім сыходам на пенсію восенню 2009 года мае намер абвясціць Мосар зонай цвярозасці. Пасля выхаду на пенсію ксёндз меў пераехаць у дом для састарэлых, аднак затым перадумаў. «Парафіяне мяне не выганяюць і не адпускаюць з касцёла, – сказаў Булька. – Я вырашыў застацца і дапамагаць новаму пробашчу ксяндзу Уладзіміру Шынковічу, які пакуль служыць у вёсцы Ідолта Мёрскага раёна Віцебскай вобласці».
Юозас Булька многае зрабіў для добраўпарадкавання Мосара. Па яго ініцыятыве ў вёсцы створаны Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк з крыніцамі, фантанамі і скульптурамі, перад касцёлам св. Ганны узведзены помнік Яну Паўлу II.
У 2005 годзе Юозас Булька стаў першым беларускім ксяндзом, удастоеным лукашэнкаўскай прэміі «За духоўнае адраджэнне»,
а ў 2006 годзе ўказам прэзідэнта быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за падзвіжніцкую дзейнасць па ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і прапагандзе здаровага ладу жыцця.
У той жа час апошнія гады ягонага жыцця былі азмрочаны прывідамі з мінулага.
У кастрычніку 2008 года пракуратура Літвы выдала ордэр на арышт Юозаса Булькі і абвясціла яго ў вышук па абвінавачванні ў генацыдзе.
Па версіі літоўскіх пракурораў, у пачатку 1950-х гадоў Булька супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі, дапамагаючы ім высочваць і забіваць партызан, якія ваявалі супраць савецкай улады.
Ксёндз Булька рэагаваў на звінавачванні ўхіліста і адмовіўся з'яўляцца ў Літву на суд. «Мне не могуць прабачыць, што я – літовец – жыву ў Беларусі, служу тут Богу і стварыў у гэтай краіне такую прыгажосць, а таксама з малых гадоў веду актыўную барацьбу з алкагалізмам», – сказаў Булька.
«Калі я вінаваты, то каюся», – падкрэсліў святар.