Сёння ў праваслаўных вернікаў апошні дзень строгага посту, які доўжыўся 40 дзён
Бюджэт Міншчыны на 2010 год складзе больш за тры з паловай трыльёнаў рублёў
Галоўны фінансавы дакумент вобласці і сёлета захавае сваю сацыяльную накіраванасць. Асігнаванні на сацыяльную сферу і жыллёвае будаўніцтва складуць больш за 60%. Праўда, каб выканаць фінансавыя абавязкі перад насельніцтвам, у вобласці прыйдзецца эканоміць і шукаць дадатковыя крыніцы прыбыткаў, больш актыўна прыцягваць замежныя інвестыцыі.
Зацверджаны дэпутатамі абласнога савета дакумент накіраваны на выкананне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, павышэнне заробкаў, падтрымку рэальнага сектара эканомікі, фінансаванне інавацыйных праектаў.
Новы медыцынскі аб'ект на Міншчыне хутка прыме першых пацыентаў
Сучасны хірургічны комплекс Мінскай абласной дзіцячай бальніцы здадуць да канца студзеня. Яго ўзвядзенне доўжылася 3 гады. На будаўніцтва корпуса пайшло 17 мільярдаў рублёў. Зараз тут завяршаюцца мантажныя работы. Спецыялісты ўстанаўліваюць медыцынскае абсталяванне.
Цяпер абласная дзіцячая бальніца аказвае дапамогу па 20 ўрачэбных спецыяльнасцях. Штогод пацыентамі клінікі становяцца 16 тысяч чалавек, больш за 60 працэнтаў з іх — вясковыя дзеці.
Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў аграгарадку Гасцілавічы Лагойскага раёна
Наваселле справіла сям'я Таццяны і Аляксандра Рогачаў — яны выхоўваюць дзевяць дзяцей. У вобласці гэта ўжо трыццаць другая такая ўстанова. Напрыканцы мінулага года дзіцячы дом адкрыўся ў Старых Дарогах.
Усяго ж у дамах сямейнага тыпу на Міншчыне жыве больш за дзвесце дзяцей. Паўтары тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак выхоўваецца ў апякунскіх сем'ях. Ёсць і дзве дзіцячыя вёскі: у Бараўлянах і Мар'інай Горцы. Летам завяршыцца будаўніцтва 14 дамоў каля вёскі Ляскоўка Мінскага раёна. Фінансуюцца такія праекты з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. А вось абуладкаванне пакояў — задача шматдзетных гаспадароў.
Чатыры чалавекі загінулі на пажары ў Салігорскім раёне
Запалаў адзін з жылых дамоў у вёсцы Жабін. Справіцца з агнём выратавальнікі здолелі за 10 хвілін. Але выратаваць людзей не ўдалося. Папярэдняя прычына пажара — неасцярожнасць пры курэнні. Паводле сведкаў, ўся кампанія была ў нецвярозым стане.
Новае абсталяванне чакаюць у лабараторыі навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС ў Барысаўскім раёне
Лабараторыю толькі нядаўна адкрылі, і займацца тут будуць праверкай і рамонтам дазіметрычных прыбораў. Гэта – вельмі важная работа, ад якой у многім залежыць радыяцыйная бяспека краіны.
Аб'ект каштаваў 400 тысяч еўра. Узводзілі яго па спецпраекце. Будынак абаранілі ад прасядання сваямі, узмацнілі жалезабетоннымі перакрыццямі і забяспечылі сістэмамі відэаназірання.
Каля 10 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак сталі ўдзельнікамі навагодніх мерапрыемстваў на Міншчыне
Падчас доўгіх канікул дарослыя спрабуюць заняць школьнікаў карыснымі справамі, адцягнуць іх увагу ад вуліцы, а часам і засцерагчы ад правапарушэнняў. Экскурсійныя маршруты, спартыўныя спаборніцтвы арганізаваны ў кожным раёне вобласці.
На Случчыне на час зімовых канікул працуюць дзіцячыя пакоі. У цэнтрах творчасці і навучальных установах дзеці могуць наведаць гурткі па інтарэсах. Тут можна асвоіць азы народнай творчасці, або правесці час у актыўным рэчышчы.
Для супрацоўнікаў ДАІ дні школьных канікул асабліва напружаныя
Аўтаінспектары дзяжураць каля школ, каткоў і месцаў актыўнага дзіцячага адпачынку. Толькі на Міншчыне апошнімі днямі праваахоўнікі папярэдзілі з дзесятак няшчасных выпадкаў. ДАІ нагадвае. Дарога не месца для гульняў і раіць бацькам сачыць за тым, дзе і як бавяць вольны час іх дзеці. Падчас паездак з малымі на ўласным аўтамабілі не забывацца і на рамяні бяспекі.
Праваслаўныя рыхтуюцца да сустрэчы Ражаства
Сёння ў вернікаў апошні дзень строгага посту, які доўжыўся 40 дзён. Таму есці да з'яўлення на небе першай вячэрняй зоркі — cімвала той, якая ўзышла над Віфлеемам у момант нараджэння Ісуса — нельга. А само свята павінна быць багатым і шчодрым. На Каляды стол засцілаюць чыстым абрусам, пад якім — сена і салома. Абавязковая страва — куцця з пшаніцы, ячменю, рысу і мёду. У ноч Хрыстовага нараджэння ў кожнай хаце пры святле свечак гучаць малітвы.
Для дзесяткаў тысяч веруючых у храмах пройдуць святочныя набажэнствы. У слуцкім Свята-Міхайлаўскім саборы службы распачаліся а палове пятай раніцы і працягнуцца да глыбокай ночы.
Каляды — свята добрых спраў. Нашы продкі стараліся ў гэтыя дні асабліва праяўляць міласэрнасць: раздавалі міластыню бедным, адпраўлялі падарункі ў прытулкі, шпіталі, дамы-інтэрнаты. Каб ніхто ў светлае свята не адчуваў сябе незаўважаным.
Ражаство на Міншчыне адсвяткуюць весела і шумна
На галоўных плошчах райцэнтраў 7 студзеня запланаваны калядныя гулянні. Снег і завіруху прапануецца перажыць з дапамогай смачных бліноў і гарачага чаю. Калядныя прадстаўленні з песнямі і танцамі падрыхтавалі самадзейныя калектывы. Можна не хвалявацца і за ўласную бяспеку. Супрацоўнікі абласной міліцыі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме да 11 студзеня. Сачыць за парадкам праваахоўнікі будуць на тырэторыі больш як 200 прыходаў Міншчыны.