Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Вячэрню Раства Хрыстовага
Напярэдадні Раства Хрыстовага хрысціяне рыхтуюцца да вялікага свята і таму захоўваюць строгі пост. Гэты час напоўнены асаблівым усхваляваным чаканнем прышэсця ў свет Збаўцы і называецца «куццёй».
На куццю ў праваслаўных хрысціян захоўваецца набожны звычай нічога не есці да з’яўлення на небе першай вячэрняй зоркі, што нагадвае аб з’яўленні зоркі на ўсходзе, якая абвясціла аб нараджэнні Ісуса Хрыста.
Вячэры на Калядную куццю надавалася вялікае значэнне.
Хату старанна прыбіралі, стол засцілалі чыстым абрусам, елі ва ўрачыстым і строгім маўчанні. Вячэра заўсёды была багатая і разнастайная, таму назвалі яе Шчодры вечар, або багатая куцця. Абавязковай стравай была куцця — яна гатавалася з пшанічных зярнят, ячменю, рысу з мёдам. На стол падавалі і ўзвар з сушанай садавіны з мёдам, цукрам і разынкамі. Пры гэтым стол, на якім ставіліся стравы, усцілаўся сенам і саломай. Перад самым пачаткам гэтай трапезы гаспадары дома запальвалі лампаду каля абразоў, ставілі перад іконамі васковыя свечкі, чыталі ўслых малітвы, і затым усё сямейства прымалася частавацца.
Але не гатаванне спецыяльнай трапезы займала хрысціян у гэты дзень. На Калядную куццю вернікі збіраліся ў храме і духоўна рыхтаваліся да сустрэчы аднаго з найвялікшых хрысціянскіх свят — Раства Ісуса Хрыста.
Куццю было прынята азнамяноўваць добрымі справамі. І, вядома ж, нашы продкі асабліва рабілі ў гэтыя дні справы міласэрнасці. Раздавалі шчодрую міласціну жабракам, пасылалі калядныя дары ў багадзельні, прытулкі, шпіталі, у дамы ўдоў і сірот, каб ніхто ў гэтыя светлыя дні не адчуваў сябе абдзеленым.
Богаслужэнні ў гонар Раства Хрыстовага пройдуць напярэдадні і ў дзень свята ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі.
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі сёння справіць Усяночнае трыванне, якое пачнецца ў 18.00 у мінскім Свята‑Духавым кафедральным саборы.
Вячэрняе богаслужэнне ў галоўным праваслаўным храме сталіцы будзе транслявацца ў запісе па Першым нацыянальным тэлеканале з 21.55 да 23.55.
Раствовае Усяночнае трыванне — гэта асабліва ўрачыстая служба, якая складаецца з вялікай вячэрні, ютрані і першай гадзіны. На вялікай вячэрні спяваецца песнапенне «З намі Бог», у якім выказваецца радасць народа Божага, што Збаўца свету знаходзіцца неразлучна ад людзей, а таму ніякія нягоды не страшаць.
Цэнтральным элементам сустрэчы праваслаўнага Раства з’яўляецца начная Боская літургія, якая ў большасці прыходаў пачнецца 7 студзеня адразу пасля апоўначы. Пасля гэтай службы настае пара разгавення, калі пасля доўгага Каляднага паста вернікі могуць ужывать у ежу скаромнае (мясныя, малочныя прадукты, алкаголь).
Раніцай у храмах будзе служыцца яшчэ па некалькі літургій. У Свята‑Духавым саборы яны пачнуцца ў 7.00 і ў 10.00 (апошнюю будзе служыць Уладыка Філарэт). У 16.00 у дзень Раства ў кафедральным саборы пачнецца святочная ютрань, на якую па традыцыі запрошаны прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпуса.
Раство ў праваслаўных прынята лічыць другім па значнасці (пасля Вялікадня) хрысціянскім святам. Згодна з дагматамі хрысціянскай веры, народжаны ў Віфлееме Ісус Хрыстос — гэта поўнае, дасканалае ўвасабленне Бога ў чалавечым вобразе. У пачатку часоў Хрыстос стварыў свет, а калі грэх людзей стаў прычынай з’яўлення ў гэтым свеце зла і смерці, Ён сам не пагрэбаваў нарадзіцца ў гэтым свеце, каб памерці за сваё тварэнне, адкрыўшы Сваім уваскрэсеннем дарогу ў Царства Нябеснае ўсяму чалавецтву. Таму на Раство ў праваслаўных храмах спяваюць: «Перашкода, што аддзяляла нас ад Бога, разбурылася, і мы робімся ўдзельнікамі райскай асалоды. Нязменны вобраз Бога Айца прымае выгляд раба, нараджаючыся ад цнатлівай Маці. Ён застаўся тым, кім быў, — Богам сапраўдным, і з‑за любові да людзей стаў тым, кім раней не быў, — чалавекам». Такім чынам, свята Раства — гэта свята яднання людзей з Богам і паміж сабой, а таму асаблівае значэнне ў гэты дзень удзяляецца сямейнай утульнасці, віншаванням сяброў і дабрачыннасці.
Раство Хрыстова святкуецца праваслаўным светам 11 дзён. Гэты перыяд атрымаў у народзе назву Святкі, а ў беларускай версіі — Каляды. І хоць карані звычаю калядаваць язычніцкія, абрад трывала і гарманічна ўмацаваўся ў культуры святкавання Раства ўсходнімі славянамі. На Каляды моладзь апранаецца ў мудрагелістыя ўборы і ходзіць ад дома да дома, спяваючы песні і атрымліваючы за гэта падарункі ад гаспадароў. Галоўны персанаж каляднага маскараду — каза, старажытнаславянскі сімвал урадлівасці. Лічыцца, што пышнае святкаванне Каляд забяспечвае багаты ўраджай на гэты год