У Маскве працягваюцца перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты
Як паведамлялася раней, у складзе беларускай дэлегацыі — старшыня канцэрна «Белнафтахім» Валерый Казакевіч і намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў.
Як заявіў напярэдадні прэс‑сакратар прэм’ер‑міністра Беларусі Аляксандр Цімашэнка, мэта перамоў — канчаткова ўзгадніць пратакол аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў ад 12 лютага 2007 года.
У выпадку ўзгаднення экспертамі канчатковага варыянта пратакола для яго падпісання ў Маскву вылеціць першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка.
Афіцыйныя прадстаўнікі ход перамоў не каментуюць. Паводле неафіцыйных звестак, беларускі бок настойвае на сваёй ранейшай пазіцыі — пастаўкі нафты павінны ажыццяўляцца з улікам Мытнага саюза, які ствараецца, а таксама ў межах раней дасягнутых дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні.
Расійскі бок прапануе пастаўляць у Беларусь бяспошлінна толькі той аб’ём нафты, які неабходны краіне для ўнутранага карыстання, а астатні — абкладаць экспартнай пошлінай.
Нагадаем, Беларусь і Расія не падпісалі пагадненне аб умовах пастаўкі нафты ў запланаваны тэрмін — 30—31 снежня. Расія абвясціла аб рашэнні пастаўляць нафту ў Беларусь з 1 студзеня 2010 года, уключаючы ў цану 100% стандартнай экспартнай пошліны.
З 3 студзеня расійская нафта паступае на беларускія НПЗ у адпаведнасці з раней заключанымі кантрактамі, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім». Гэтыя кантракты прадугледжваюць пастаўкі сыравіны ў аб’ёмах, дастатковых для загрузкі беларускіх НПЗ на працягу трох тыдняў. Пасля таго як у Расіі завершацца навагоднія канікулы, прадстаўнікі «Белнафтахіма» маюць намер працягнуць працу па заключэнні кантрактаў з расійскімі нафтавымі кампаніямі.