Прывітанне з ХХ стагоддзя
Навагоднія цацкі і віншавальныя паштоўкі сталі “хітом” у маладзечанскім музеі.
Мінскі абласны краязнаўчы музей, размешчаны ў Маладзечне, ужо каторы год арганізуе калядныя выставы. Цяперашнюю яшчэ можна пабачыць да 10 студзеня.Ёлачныя аздобы з прасаванай фольгі, пацерак, кардону, цацкі ў форме гародніны, садавіны, казачных персанажаў, рознакаляровыя, распісныя шары ды Дзяды Марозы і Снягуркі з пластмасы прывабілі тых, каго звычайна ў музей водзяць ледзь не пад прымусам, — малечу. Дзецям толькі таго і трэба — пабачыць дзівосы, каб натхніць бацькоў на стварэнне такіх жа цудаў дома.І што найбольш цікава — усе гэтыя незвычайныя ўпрыгажэнні паходзяць з мінулага стагоддзя! “Прагрэс нібыта пайшоў уперад, але ёлачныя цацкі раней былі больш цёплыя і арыгінальныя”, — адзначыла Наталля Палтавец, намеснік дырэктара маладзечанскага музея па навуковай рабоце. Усяго ў экспазіцыі — больш за сто рэчаў з дзяцінства нашых бацькоў.