Усмешка на фоне Чарнобыльскай станцыі

Источник материала:  

Расказ аб знаходжаннi ў Чарнобыльскiх раёнах Украiны завяршу ўражаннямi ад сустрэч з людзьмi, якiя там жывуць. На мой суб'ектыўны погляд, за 23 гады пасля аварыi i 19 — пасля развалу Саюза яны з усяе сiлы iмкнуцца жыць па "запаведзях": "Не вер, не бойся, не прасi". Як атрымлiваецца? Па-рознаму.

НЕ ВЕР!

Актуальнасць гэтага лозунга для сённяшняй Украiны пры наяўнасцi 18 кандыдатаў у прэзiдэнты больш чым вялiкая. Калi з кожнай сцяны на цябе пазiрае велiзарны твар якога-небудзь прэтэндэнта, цяжка ўтрымацца i не спытаць ва ўкраiнскiх калег: "I на каго стаўку робiце? Хто пераможа?"

Усмешка на фоне Чарнобыльскай станцыіАдказ мы атрымлiвалi даволi аднолькавы. Самы арыгiнальны быў такi: "Даю 50 % за тое, што пераможа або хлопчык, або дзяўчынка".

Асобным з нашых калег, якiя не ўваходзяць у штабы па стварэннi iмiджу пэўнага кандыдата, нават не цiкава, якiя ў каго шанцы. Больш за тое, яны не ведаюць прозвiшчаў усiх, хто прэтэндуе стаць кiраўнiком iх дзяржавы.

Было цiкава наглядаць, як на шматлiкiх бiгбордах, якiя ўкраiнцы часцяком называць "бiгмордамi", выява чарговага прэтэндэнта на вачах змяняецца заклiкам падключыцца да "найкращего" хуткаснага iнтэрнэту. Украiнцы расчараваныя ў палiтыцы i палiтыках. Чаму? Зусiм маладыя мае калегi адказалi так:

— Таму што ведаюць, колькi плацяць за майданы.

— Таму што ведаюць, колькi каштуюць абяцаннi палiтыкаў.

— Таму што ведаюць, што за палiтыкамi стаiць бiзнэс са сваiмi iнтарэсамi.

Не дзiўна, што менавiта на гэтай хвалi ў выбарчых спiсах з'явiўся кандыдат з прозвiшчам "Василь Противсiх". Гэта не жарт. Сутнасць у тым, что па iх законе iх бюлетэнь насамрэч не прадугледжвае магчымасць прагаласаваць супраць усiх кандыдатаў. А жаданне такое, лiчаць тыя, хто робiць PR-кампанiю, будзе шмат у каго. На iх i разлiчана новае незвычайнае прозвiшча грамадзянiна, якi змянiў сваё напярэдаднi выбарчай кампанii — для ўдзелу ў ёй.

"Ворог їхньої держави!", "Вона дихає йому в потилицю, йому непрiємно" — гэта толькi асобныя з выразаў, якiя мiльгацяць перад вачыма, калi едзеш па тэрыторыi Украiны. Я магу зразумець украiнскую пенсiянерку ў памежнай з Беларуссю вёсцы Чарнiгаўскай вобласцi, якая на пытанне, за каго яна будзе галасаваць, упэўнена адказвае: "За Бацьку!"

Не вераць украiнцы нiкому яшчэ i таму, што нават перадвыбарная сiтуацыя выступае для iх прыкладам таго, што зноў адбудзецца пасля выбараў: бясконцыя мiжусобiцы. Вось i кажуць: усе яны аднолькавыя.

НЕ БОЙСЯ...

Разлiк — толькi на свае сiлы i магчымасцi. А на каго ж яшчэ, калi ва Украiне даўно забылi, напрыклад, пра тое, што такое "калгас". Зямля падзеленая на паi. Iх можна прадаць, купiць... Расказвае дырэктар Украiнскага НДI сельскагаспадарчай радыялогii Нацыянальнага ўнiверсiтэта бiярэсурсаў i прыродакарыстання Валерый Кашпараў:

— Для чарнобыльскiх раёнаў Украiны характэрная сiтуацыя, калi ў 70 % вясковых сем'яў не працуе нiводзiн чалавек, у 20 % працуе адзiн, i толькi ў астатнiх — два i больш працаўнiкоў. Калi чалавек мае 2 га зямлi, ён не лiчыцца беспрацоўным. Ён вядзе натуральную гаспадарку, штосьцi вырошчвае i прадае.

Так што прыватная iнiцыятыва тут будзе развiвацца — альтэрнатывы ўсё адно няма. Але ж i для яе ўвасаблення на так званых забруджаных тэрыторыях Украiны не вельмi многа магчымасцяў. Нягледзячы на тое, што сучасныя звесткi радыяцыйнага манiторынгу сведчаць: больш за палову ўкраiнскiх населеных пунктаў, аднесеных да зонаў радыеактыўнага забруджвання ў 1991 годзе, сёння не маюць патрэбы ў абмежаваннях, звязаных са статусам "зоны", адмяняць яго, тым больш напярэдаднi выбараў, нiхто не збiраецца. Згодна ж з асноўным законам Украiны, на гэтых землях нельга будаваць новыя вытворчасцi або пашыраць тыя, якiя ёсць. Вось i застаецца толькi "купi-прадай".

А калi ўлiчыць, што ў апошнiя гады сродкi, якiя выдзяляюцца з дзяржаўнага бюджэту Украiны на "чарнобыльскiя" праграмы, у асноўным накiроўваюцца на сацыяльную абарону розных груп насельнiцтва (ад 6 да 30 грыўняў на чалавека), i толькi нязначная сума застаецца для падтрымкi i развiцця мясцовай iнфраструктуры (напрыклад, газаправодаў, дарог i iнш.), "льготны" статус населеных пунктаў украiнскай чарнобыльскай зоны можна параўнаць толькi з патэнцыйнымi стратамi, выклiканымi абмежаваннямi "па законе".

Але ж ёсць i "сталкеры", што не баяцца працаваць на землях, якiя ў асноўным псiхалагiчна зачапiла трагедыя 1986 года. Прыклад — выключэнне з агульнага правiла — прадпрыемства, створанае ў Оўруцкiм раёне Жытомiрскай вобласцi. Пераважна з-за радыяфобii грыбы i ягады гэтага палескага цэнтра нарыхтоўкi i перапрацоўкi дароў лесу пасля чарнобыльскай аварыi перасталi карыстацца папулярнасцю. Аднак знайшоўся бельгiйскi прадпрымальнiк, якi рызыкнуў купiць мясцовы цэх па перапрацоўцы лясных дароў. Зразумела, перааснасцiў яго поўнасцю, i сёння гэтае прадпрыемства — адзiн з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў у раёне. Штогод адсюль экспартуецца ў краiны Еўрасаюза, пераважна ў Германiю, да 500 тон перапрацаваных дзiкарослых грыбоў i ягад.

Як нi распытвала я свайго калегу з Рэпкiнскага раёна Чарнiгаўскай вобласцi, у сваiм раёне такiх станоўчых прыкладаў ён успомнiць не змог — нiводнага. Гаворыць: з 1991 года глядзiм на другi бераг Дняпра, дзе ваш Лоеўскi раён, i зайздросцiм.

НЕ ПРАСI?

— Ну, а калi ў самiх грошай няма, i землi не паўсюль такiя ўрадлiвыя, як у цэнтральнай Украiне, што рабiць?

Прасiць украiнцы навучылiся. Гэта ж таксама няпроста. Бо час гуманiтаркi ў выглядзе ношанага адзення, якое адзiн жартаўнiк, старшыня сельсавета, каб не сварыцца з людзьмi, перакiдваў цераз агароджу, прайшоў. Таму сёння калi просяць дапамогу, дык у TACIS, напрыклад.

На бедных землях ва Уладзiмiрэцкiм раёне Ровенскай вобласцi з наступнага года будуць вырошчваць клубнiцы. Мiжнародная арганiзацыя выдзелiла мясцовай грамадзе грошы не толькi на элiтныя саджанцы, але i прафiнансавала стварэнне кансервавага завода, якi гарантавана будзе купляць вырашчаную на падворках прадукцыю.

У Iванкаўскiм раёне Кiеўскай вобласцi на гранты мiжнародных арганiзацый даўно i даволi паспяхова працуюць сацыяльныя праекты па псiхалагiчнай рэабiлiтацыi мясцовых жыхароў. Пры гэтым прадпрыемствы ў райцэнтры не працуюць увогуле.

Мiж тым, падобныя праблемы вядомыя i нам, жыхарам Гомельшчыны. Многiя квалiфiкаваныя спецыялiсты ў свой час паехалi з "забруджаных" раёнаў. Прыватныя iнвестыцыi дагэтуль не на высокiм узроўнi ў параўнаннi з iншымi рэгiёнамi. Нягледзячы на тое, што з 1986 года ўзровень радыяцыi ў пацярпелых раёнах знiзiўся ў сотнi разоў у вынiку натуральнага распаду i прымянення неабходных мераў, "дрэнны" iмiдж канкрэтных раёнаў захаваўся. А палепшыць яго можна толькi канкрэтнымi справамi, у тым лiку па адраджэннi сельскай гаспадаркi.

Вядома ж, галоўную дозавую нагрузку чалавек, якi жыве ў "забруджаным" рэгiёне, атрымлiвае праз ужыванне малака i iншых прадуктаў харчавання мясцовай вытворчасцi. Утрыманне цэзiю-137 у малацэ ад розных кароў нават у межах аднаго канкрэтнага населенага пункта можа значна адрознiвацца. Гэта звязана з рознымi палеткамi, дзе пасвiцца жывёла, i сенакосамi, дзе мясцовыя жыхары нарыхтоўваюць сена. Найбольшае ўтрыманне цэзiю-137 — у малацэ кароў, якiя пасвяцца ў пералесках, на пойменных участках, тарфянiках i забалочаных тэрыторыях. Каэфiцыент пераходу радыенуклiдаў з травы або сена ў малако i мяса на тарфяных глебах у 100 разоў большы, чым на чарназёмах. Менавiта таму вучоныя раяць абмежаваць выпас на пераўвiльготненых тарфянiках i ў лесе, а таксама праводзiць аграмелiярацыйныя мерапрыемствы па акультурваннi земляў. Што мэтанакiравана i робiцца ў апошнiя гады ў Беларусi.

Але не ва Украiне.

Калi мы развiтвалiся з нашымi ўкраiнскiмi сябрамi, да мяне падышоў малады калега i сказаў:

— Я заўсёды марыў працаваць у Беларусi. Можа, гэта неяк магчыма? Надакучыла наша ўкраiнская нестабiльнасць...

Iрына АСТАШКЕВIЧ.

Кiеў — Гомель.

←Женские игры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика