У ААТ Мiжнародны рэзервовы банк адклiкана лiцэнзiя
на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасцi ў частцы правядзення банкаўскiх аперацый па прыцягненнi грашовых сродкаў фiзiчных асобаў ва ўклады (дэпазiты), а таксама па адкрыццi i вядзеннi банкаўскiх рахункаў фiзiчных асобаў, паведамiў карэспандэнту "Звязды" намеснiк начальнiка Упраўлення iнфармацыi Нацыянальнага банка Беларусi Мiхаiл Журавовiч.
Адпаведная пастанова прынята праўленнем галоўнай банкаўскай установы краiны. А падставай для такога рашэння паслужыла тое, што ААТ "Мiжнародны рэзервовы банк" не лiквiдавала парушэння нарматыву бяспекi функцыянавання ў вызначаны тэрмiн. У Нацбанку ўдакладнiлi, што, згодна з прадстаўленай справаздачнасцю, згаданае ААТ не мела прыцягнутых сродкаў фiзiчных асобаў.
Ігар ГРЫШЫН.
Новы год — сямейнае свята?Першы дзень новага года 32-гадовы жыхар Рагачова сустрэў на бальнiчным ложку. Дапамог яму ў гэтым родны бацька, з якiм свята i адзначалi. "Падарунак" — удар нажом у жывот, сын запомнiць надоўга.
Аналагiчны вынiк святкавання — у Чачэрску. 1 студзеня ў гадзiну ночы 28-гадовая жанчына пырнула нажом у грудзi свайго 44-гадовага сужыцеля. Нож стаў прычынай сур'ёзных траўмаў яшчэ ў чатырох выпадках высвятлення адносiнаў памiж сябрамi i суседзямi падчас святкавання 2010 года, — паведамляюць у прэс-службе Гомельскага УУС. У адной з гэтых сiтуацый першы дзень года стаў апошнiм днём жыцця 36-гадовага грамадзянiна. Таксама высвятляюцца абставiны падзення з балкона 52-гадовай гамяльчанкi. Па словах яе мужа, яна гэта зрабiла па неасцярожнасцi ў стане алкагольнага ап'янення.
Iрына АСТАШКЕВIЧ.
I на шчанят попытУ беспрацоўнай з вул. Вiшнёвая нехта выкраў двух шчанят, якiя знаходзiлiся ў вальеры пры доме.
Баранавiцкiя сышчыкi выйшлi на бамжа, якi выкраў тых пародзiстых шчанюкоў коштам у 2 млн рублёў, але затрымаць злодзея пакуль што не ўдалося.
Сымон Свiстуновiч.
Лядовы палац ёсць. Будзе i Палац водных вiдаў спортуСтаршыня Баранавiцкага гарвыканкама Вiктар Дзiчкоўскi перад Новым годам у Лядовым палацы правёў прэс-канферэнцыю i паведамiў пра вынiкi развiцця горада ў 2009 годзе i перспектывы на наступны.
Паводле яго слоў, ужо прынята рашэнне аб будаўнiцтве ў Баранавiчах яшчэ аднаго спартыўнага комплексу — Палаца водных вiдаў спорту, якi будзе ўзводзiцца побач з Лядовым палацам. Узвядзенне новага комплексу пачнецца ўжо вясной гэтага года. У Баранавiчах плануецца адкрыць i хакейнае поле для гульнi ў хакей на траве.
Разам з тым, Вiктар Iванавiч паведамiў, што ў горадзе 100 км вулiц без асфальту. Каб прывесцi iх у парадак, неабходна 250 млрд рублёў, а гэта больш чым бюджэт горада на 2010 год (240 млрд). Складаная сiтуацыя i з капiтальным рамонтам дамоў. Праблемы назапашвалiся дзесяцiгоддзямi, i каб адрамантаваць 368 дамоў, патрэбны вялiкiя грошы — 400 млрд рублёў. Тым не меней, на думку старшынi гарвыканкама, эканамiчныя паказчыкi за 2009 год у горада станоўчыя — атрымана 120 млрд прыбытку.
У нядзелю на стадыёне "Лакаматыў" працаваў адкрыты каток — уваход вольны, толькi трэба было ўзяць на пракат канькi. Ахвотных пакатацца хапала. Паехаў у Лядовы палац — i там натоўп, у асноўным моладзь. Выходзiць, што Лядовы палац — запатрабаваны, але ёсць i iншы погляд. Раёнка правяла апытанне, падчас якога жыхар горада, урач па прафесii, сказаў, што за лепшае было б пабудаваць у горадзе бальнiцу. I ў доктара шмат прыхiльнiкаў. Усё залежыць ад узросту. Тут добра было б вытрымлiваць парытэт.
Сымон Свiстуновiч.
Цешча мая, ласкавая...З Данецка прыехаў да цешчы ў Кармянскi раён 53-гадовы зяць, раней не судзiмы пенсiянер, каб... патрабаваць у той грошы. Ён i да гэтага неаднаразова ў лiстах звяртаўся да яе з дакучлiвымi просьбамi аб матэрыяльнай падтрымцы, а зараз вырашыў здабыць 100 долараў пагрозамi аб гвалце. Заведзена крымiнальная справа, паведамляюць у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.
Iрына АСТАШКЕВIЧ.