Лукашэнка звольніў дырэктара Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК
Указам прэзідэнта № 1 ад 4 студзеня 2010 года вызвалены ад пасады намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар дэпартамента фінансавых расследаванняў Сяргей Бараноўскі.
Палкоўнік фінансавай міліцыі звольнены са службы ў органах фінансавых расследаванняў у запас з прычыны хваробы з правам нашэння ўстаноўленай формы адзення і знакаў адрознення, гаворыцца ва ўказе, тэкст якога размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.
На гэтую пасаду Бараноўскі быў прызначаны 26 снежня 2006 года. Ён змяніў Анатоля Грамовіча, звольненага 9 лістапада таго ж года і залічанага ў распараджэнне старшыні КДК «для наступнага звальнення з органаў фінансавых расследаванняў гэтага камітэта». 15 студзеня 2009 года Грамовіч быў затрыманы. Ён падазраваўся ў атрыманні хабару, ухіленні ад выплаты мытных плацяжоў. Генеральная пракуратура выставіла яму абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі службовай асобы з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў). У хуткім часе крымінальная справа будзе перададзена ў суд.