«Шчасце жыць» — Мінюст зарэгістраваў новыя грамадскія аб’яднанні
Міністэрства юстыцыі Беларусі выдала пасведчанні аб рэгістрацыі новых грамадскіх аб’яднанняў.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Мінюста, зарэгістравана маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Беларуская федэрацыя карфбола», дзейнасць якога накіравана на папулярызацыю ў Беларусі карфбола — змешанай каманднай гульні, падобнай да баскетбола.
Пачало таксама дзейнічаць міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Саюз майстроў міратворцаў «Святло», закліканае развіваць і папулярызаваць міратворчасць у выяўленчым мастацтве, дэкаратыўна‑прыкладным мастацтве і народных промыслах, распаўсюджваць ідэі міру і ненасілля ва ўсіх сферах мастацтва.
Створана міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр вывучэння сучаснай рэлігійнасці», мэтай якога з’яўляецца навукова‑даследчая дзейнасць пра вывучэнні канфесійнай прасторы Беларусі і іншых краін, канфесійных і пазаканфесійных форм сучаснай рэлігійнасці, свабоды сумлення і веравызнання.
Акрамя таго, Мінюстам зарэгістравана рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Сацыяльная маладзёжная ініцыятыва». Яно заклікана садзейнічаць інавацыйнаму, сацыяльнаму, культурнаму, духоўнаму і фізічнаму развіццю беларускай моладзі, яе патрыятычнаму выхаванню, захаванню і ўмацаванню маральных правіл сям’і і грамадства, прапагандзе здаровага ладу жыцця.
Зарэгістраваны таксама грамадскае аб’яднанне «Свет шчаслівай сям’і», дзейнасць якога накіравана на прапаганду і фармаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, і міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Шчасце жыць», мэтай якога з’яўляецца дапамога хворым на хранічны міелалейкоз.