На Беларусі Новы год 1 студзеня пачалі адзначаць у 1362 г.
У большасці старажытных народаў святкаванне Новага года супадала з пачаткам адраджэння прыроды і адзначалася, як правіла, у сакавіку. Старажытныя егіпцяне адзначалі пачатак новага года святам адраджэння Асірыса. У Старажытнай Грэцыі людзі, апрануўшы на сябе маскі, ладзілі на вуліцах шэсце з песнямі і танцамі.
На думку навукоўцаў, традыцыя святкавання Новага года з’явілася ў старажытнай Месапатаміі. Усе земляробчыя работы пачыналіся ў канцы сакавіка, пасля таго, як прыбывала вада ў Тыгры і Еўфраце. Пачатак кліматычнага сезона звязваўся з перамогай светлага бога Мардука над сіламі разбурэння і смерці. Гэтая падзея адзначалася на працягу 12-ці дзён шэсцямі, карнаваламі і маскарадамі. Забаранялася працаваць і судзіць. Адна з керамічных таблічак сведчыць, што гэта былі дні «неўтаймаванай волі, калі ўвесь сусветны парадак пераварочваўся дагары нагамі. Раб ператвараўся ў гаспадара».
У Беларусь традыцыя святкавання пачатку году прыйшла з Сярэднявечнай Еўропы.
Цікава, што даволі доўга ў розных еўрапейскіх краінах год пачынаўся па-рознаму, а яго пачатак быў прымеркаваны да аднаго з царкоўных святаў. У Англіі, Францыі, нямецкіх княствах і Іспаніі да свята Нараджэння Хрыстовага 25 снежня. У Фларэнцыі, Пізе, Кёльне і Мюнстэры да Дабравешчання 25 сакавіка. У Францыі з 987 па 1563 гады Новы год адлічвалі ад Вялікадня. У некаторых рэгіёнах год пачынаўся як і сёння – 1-га студзеня – на свята Абразання Гасподняга. У Рэчы Паспалітай гэтая традыцыя захоўвалася ад 1362 г. Працягвалася і старажытнарымская традыцыя адзначаць пачатак году 1-га сакавіка – у Венецыі і ва Усходняй Еўропе. На працягу 16-17 стагоддзяў большасць еўрапейскіх краін перайшла на сучасную традыцыю святкавання 1-га студзеня.
У 1582 папа Грыгорый XIII увёў новую каляндарную сістэму, якая атрымала назву грыгарыянскай. Праваслаўная царква на Канстанцінопальскім саборы 1583 г. адмовілася пераходзіць на новы каляндар і не зрабіла гэтага дагэтуль. Пратэстанцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі каляндар толькі ў 18 ст, такім чынам доўгі час Новы год у праваслаўных і пратэстанцкіх краінах надыходзіў пазней за каталіцкі.
Сучасная беларуская традыцыя святкавання Новага году сягае каранямі ў дэкрэт Саўнаркама з 1918 г., паводле якога бальшавікі перайшлі на «новы стыль» летазлічэння. Затое Руская, а таксама Сербская і Іерусалімская праваслаўныя царквы адмовіліся пераходзіць на «новы стыль», у выніку чаго ўсе нерухомыя царкоўныя святы, а таксама Новы год святкуецца па старым стылі – такім чынам утварыўся стары Новы год. У якасці дадатковага свята, стары Новы год і дагэтуль святкуецца ў Беларусі, Украіне, Расіі, Сербіі, Чарнагорыі і асобных раёнах Швейцарыі.