Акцыянаванне «Белтэлекама» зацягваецца
Працэс акцыянавання нацыянальнага аператара электрасувязі РУП «Белтэлекам» у раней запланаваныя ўрадам тэрміны завершаны не будзе.
Пра гэта 30 снежня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў генеральны дырэктар «Белтэлекама» Канстанцін Цікар.
Нагадаем, пастановай урада №1256 ад 29 верасня былі ўнесены змены ў план акцыянавання на 2009 год. У адпаведнасці з гэтым дакументам рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» павінна быць акцыянавана да канца 2009 года.
«Рашэнне на працягу трох месяцаў перавесці РУП «Белтэлекам» у акцыянернае таварыства фізічна выканаць немагчыма», — заявіў Цікар.
Разам з тым гендырэктар падкрэсліў, што пастанову Саўміна ніхто не адмяняў і працэс акцыянавання працягваецца. «Мы рухаемся ў частцы выканання стандартных працэдур акцыянавання разам з Фондам дзяржмаёмасці і іншымі арганізацыямі, задзейнічанымі ў гэтай працэдуры», — сказаў гендырэктар.
Канстацін Цікар падкрэсліў, што задача акцыянавання «Белтэлекама» «не вельмі простая». У яе межах неабходна вырашаць яшчэ шэраг спецыфічных задач, у тым ліку звязаных з дзяржаўнай тайнай.
Генеральны дырэктар прадпрыемства адмовіўся назваць арыенціровачныя тэрміны завяршэння працэсу пераўтварэння «Белтэлекама» ў акцыянернае таварыства. «Як толькі стане — вы адразу даведаецеся», — сказаў Цікар.
***
«Белтэлекам» створаны 3 ліпеня 1995 года. З’яўляецца першасным інтэрнет‑правайдэрам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу звестак па камутаванай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнета, перадае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, арганізуе міжгародні і міжнародны роўмінг.
Як паведамлялася раней, пасля завяршэння працэсу акцыянавання «Белтэлекама» ўсе акцыі прадпрыемства першым часам мяркуецца захаваць у дзяржавы.
У 2009 годзе запланавана акцыянаваць больш як 200 прадпрыемстваў. Сярод іх — Мінскі завод колавых цягачоў, прадпрыемствы «Віцязь», «Агат‑Сістэм», «Інкатэх», інстытут «Белдзяржпраект».