Газеце «Intex-press» — 15 гадоў
Першы нумар аднаго з найбуйнейшых недзяржаўных рэгіянальных выданняў Берасцейшчыны выйшаў акурат 30 снежня 1994 года.
Супрацоўнікі рэдакцыі. |
«Intex-press» была заснаваная групай баранавіцкіх прадпрымальнікаў у 1994 годзе. Першапачаткова задумвалася, як бізнэс-бюлетэнь, які мусіў знаёміць чытача з развіццём бізнэсу ў рэгіёне і ў краіне. Аднак першы нумар накладам у 4000 асобнікаў патрапіў да чытача ў выглядзе тэлевізійнага дадатку (тады газета належала мясцовай тэлекампаніі «Интекс»).
З прыходам у 1996 г. на пасаду галоўнага рэдактара Ўладзіміра Янукевіча тыднёвік распачаў няпросты шлях да пераўтварэння ў грамадска-палітычнае выданне.
У 1999 г. былі сур’ёзна перагледжаныя дызайн і канцэпцыя штотыднёвіка.
У 2001 г. на базе рэдакцыі ўзнікла ТАА «Выдавецкі дом «Интекс-пресс». Адно за другім сталі з’яўляцца рэгіянальныя выданні выдавецкага дому — «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час», «Нясвіжскі час», «Мясцовы час» (Пінск).
У 2006 г. газета разам з шэрагам іншых незалежных выданняў была выключаная з дзяржаўнай сістэмы распаўсюду.
У 2008 г. з-за немагчымасці нармальна распаўсюджвацца «Ляхавіцкі час» і «Мясцовы час» былі вымушаныя прыпыніць выхад.
Сёння «Intex-press» — папулярнае ў рэгіёне выданне з 20-тысячным накладам.
***
Рэдакцыя «Нашай Нівы» віншуе калегаў са святам! Зычым поспехаў у працы, натхнення і бадзёрасці!