Духоўныя лідэры Ірана заклікаюць пакараць смерцю лідэраў апазіцыі
Лідэры іранскай апазіцыі «заслугоўваюць смяротнага пакарання». Пра гэта заявілі прадстаўнікі духоўнага лідэра Ісламскай Рэспублікі Іран аяталы Алі Хаменеі.
У аўторак працягваліся акцыі пратэсту апазіцыі, пацверджанні пра якія ёсць толькі на інтэрнэт‑сайтах. У мінулыя выхадныя на вуліцах Тэгерана ахвярамі сутыкненняў сталі, сама мала, восем чалавек. Каля 20 галоўных апазіцыянераў затрыманыя разам з некалькімі сотнямі ўдзельнікаў акцый.
Маніфестацыі з патрабаваннем вызваліць арыштаваных прайшлі ў розных краінах Еўропы.
«Мы звяртаемся сёння да Францыі, да Еўрасаюзу, да ўсяго свету, — кажа адзін з дэманстрантаў у цэнтры Парыжа, — не падтрымлівайце гэты рэжым, які на самай справе забівае на вуліцах свой уласны народ, бяззбройных людзей, якія ўсяго толькі хочуць свабоды і дэмакратыі ў сваёй краіне».
У адказ на пратэсты на вуліцы іранскіх гарадоў выйшлі тысячы маніфестантаў ў падтрымку ўрада і прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада. Дэманстрацыі шырока трансляваліся дзяржаўнымі тэлеканаламі Ірана.