Наталля МАЦЕЙЧЫК Прыцемак

Источник материала:  

"Прыцемак" — простая і вечная тэма: сям'я, бацькi, дзецi. Тэма, якая не знiкае з мастацкай лiтаратуры тысячагоддзi. Бо за ёй i ў ёй сапраўды прыцемак. Як казаў у свой час класiк, усе шчаслiвыя сем'i падобныя адна на адну, кожная нешчаслiвая сям'я нешчаслiвая па-свойму.

Вiктар КАЗЬКО.

Іван прачнуўся, як звычайна, позна. А куды спяшацца на пенсii?

Пасля выпiтай напярэдаднi бутэлькi "чарнiла" ныла галава. У бруднае акно нетаропка ўпаўзаў хмарны зiмовы дзень. Пахмурна было i на душы. Адольвалi невясёлыя думкi.

Яшчэ некалькi гадоў таму ў яго было, як ён лiчыў, усё: добрая праца, зайздросная пасада, шчаслiвая сям'я... Шчаслiвая...

Iван прымусiў сябе ўстаць, згатаваў няхiтрае снеданне, паеў.

Рэмiзаў мыў талерку, калi пачуў званок тэлефона. Ад нечаканасцi талерка выслiзнула з яго рук, упала ў ракавiну i разбiлася, а Iван амаль што бягом кiнуўся ў пакой: тэлефонныя званкi ў гэтым доме былi выключнай рэдкасцю.

— Алё!

— Добры дзень! А Максiма магу пачуць? — спытаў малады жаночы голас.

— Вы памылiлiся нумарам. Максiм тут не жыве! — са злосцю адказаў Iван i кiнуў трубку.

Рэмiзаў сеў на крэсла, прабег поглядам па брудным, непрыбраным пакоi i нявесела ўсмiхнуўся: дзень народзiнаў, а нiхто нават не патэлефануе. Гэта ў былыя часы каля яго кабiнета з ранiцы выстройвалася чарга падначаленых з кветкамi i падарункамi... Тыя часы сышлi.

Колiшнiя калегi забылiся пра Рэмiзава вельмi хутка — з падначаленымi ён заўсёды быў халодным i строгiм, падчас несправядлiвым. Таксама як i з хатнiмi... Таму не дзiва, што нi жонка, нi сын, нi дачка, хутчэй за ўсё, так i не прыгадаюць пра дзень яго народзiнаў...

Пад канапай нешта цьмяна блiснула. Iван напружыў зрок, прыгледзеўся. Дык вось куды закацiлася ўчора бутэлька!

Рэмiзаў адчынiў тумбачку i выцягнуў адтуль альбом у пацёртым скураным пераплёце.

Вось вясельныя фотаздымкi. Як жа добра ўсё пачыналася! Выпадковае знаёмства ў кавярнi... Рэмiзаў падабаўся многiм ледзь не з першага позiрку — прыгожы i добра апрануты, але Каця вельмi доўга не звяртала ўвагi на яго настойлiвыя i ўпартыя заляцаннi. Мабыць, менавiта гэта i вырашыла справу.

Самому ж Iвану Кацярына спадабалася тым, што ў ёй не было анiчагуткi наноснага i фальшывага. Яна была зусiм непадобнай на ўсiх колiшнiх яго сябровак — легкадумных i балбатлiвых.

А потым было вяселле: прыгажуня-нявеста, бялюткая сукенка, букеты кветак, уважлiвы i клапатлiвы жанiх... Тады яны абое прагнулi шчасця, нават калi ўвесь свет будзе супраць iх.

Вось фотаздымкi шасцiгадовай дачкi. Цёмныя вочы дзiцяцi глядзяць са здзiўленнем.

Вось яшчэ адно фота: на арэлях гушкаецца сын.

А вось Iна, ужо першакласнiца з велiзарным букетам. Прыгожа ўкладзеныя валасы дзяўчынкi ўвенчвае бялюткi бант. Ён, Iван, трымае дачку за руку, але вiдаць, што думкi яго лунаюць дзесьцi далёка... Здаецца, ён так i не зразумеў, што быць бацькам i мужам — гэта таксама праца, i не самая лёгкая.

...Адразу ж пасля вяселля Рэмiзаў настаяў, каб Каця звольнiлася з палiклiнiкi — ён лiчыў, што месца жонкi на кухнi i ў дзiцячым пакоi, i, акрамя таго, вельмi раўнаваў маладую i прыгожую жанчыну. Кацярына, якая год таму скончыла медыцынскi iнстытут, неахвотна згадзiлася.

Каця прысвяцiла сябе дому, сустракала мужа гарачымi вячэрамi, займалася выхаваннем дзяцей. Яна вадзiла iх у кiно i басейн, вучыла чытаць i маляваць.

Iван працаваў цалюткiмi днямi — на сям'ю не хапала нi часу, нi сiл, нi, мабыць, жадання.

Iгар, старэйшы сын, блiскуча вучыўся ў музычнай школе. У дзяцiнстве ён праседжваў перад фартэпiяна суткамi. Хлопчык не мог дачакацца, калi ж бацька вернецца з працы, каб пахвалiцца перад iм сваiмi дасягненнямi. Але Iвана не цiкавiлi музычныя поспехi сына.

Iгар падвойваў намаганнi, каб заслужыць яго пахвалу, але — безвынiкова. Затое выкладчыкi на хлопца проста малiлiся — талент! Сын прывозiў дыпломы i граматы амаль з кожнага конкурсу.

Рэмiзаў да пары да часу праз пальцы глядзеў на захапленне сына музыкай: ну, хай сабе лупiць па клавiшах — усё лепш, чым у двары бегаць ды ў "ножыкi" гуляць. Да таго часу, пакуль Iгар аднойчы не заявiў, што пасля школы збiраецца паступаць у Акадэмiю музыкi.

I вось тады Iван, грукнуўшы кулаком па стале, паказаў, хто ў доме гаспадар:

— Не мужчынская гэта справа — па клавiшах дрынькаць! Станеш праграмiстам — будзе ў цябе кавалак хлеба. З маслам. Мабыць, нават з чорнай iкрой.

Ён не звярнуў увагi на слёзы сына, нясмелае заступнiцтва жонкi. Праз некалькi дзён з дому знiкла фартэпiяна — Iван прадаў шыкоўны iнструмент за капейкi, як бы паказваючы гэтым сыну, што спрэчка скончана.

Iгар паступiў у БДУIР i нават неяк скончыў яго, хаця двойчы быў на гранi "вылету". Цяпер сын працаваў праграмiстам i... люта ненавiдзеў сваю працу.

Iна сур'ёзна займалася плаваннем, але Iван аддаваў ёй не больш увагi, чым сыну, i нi разу не з'явiўся нi на адно яе спаборнiцтва.

У васямнаццаць гадоў дачка зазбiралася замуж. Па вялiкiм каханнi. За кудлатага рокера-гiтарыста. Iван сказаў катэгарычнае "не", а каб дачка не нарабiла глупстваў, проста схаваў яе пашпарт.

Маладыя людзi разышлiся. На Iну накацiла глыбокая дэпрэсiя, яна, магчыма, у адплату бацьку, завалiла паступленне ў iнстытут i стала вельмi замкнёнай...

А потым прыйшла пара плацiць за ўсё.

Адносiны памiж Iванам i Кацяй канчаткова разладзiлiся, i дзве чужыя адна адной iстоты проста жылi пад адным дахам. Потым жонка нейкiм чынам даведалася пра яго шматгадовую сувязь з сакратаркай. А Iван лiчыў, што Кацi ўсё даўным-даўно вядома i яна глядзiць на яго iнтрыжкi праз пальцы.

Кацярына не стала скандалiць, цiха сабрала рэчы i знiкла з жыцця мужа — з'ехала ў Брэст да мацi, палiчыўшы, што там яна больш патрэбная.

Потым пры першай жа магчымасцi аддзялiўся сын — зняў кватэру, i за гэтыя чатыры гады нi разу не зайшоў, не патэлефанаваў.

Скончыўшы полiтэхнiчны iнстытут, Iна выйшла замуж за колiшняга аднакурснiка. Праз год яна зразумела, што гэты шлюб — памылка. Дачка не стала вяртацца ў бацькоўскi дом, а разам з сынам з'ехала ў Брэст да мацi.

Рэмiзаў, застаўшыся адзiн, спачатку храбрыўся: "Нiхто мне не патрэбны, адзiн пражыву", аднак вельмi хутка ён пачаў прыкладацца да бутэлькi. Некалi чыстая i ўтульная кватэра паступова ператваралася ў "бярлог", на кухнi расла i множылася армiя пустых бутэлек.

Нешта перашкаджала Iвану патэлефанаваць жонцы i павiнiцца перад ёй, паспрабаваць шчыра пагаварыць з сынам i дачкой.

Адарваўшыся ад невясёлых думак, Iван устаў i падышоў да акна. З неба сцяной сыпалася дробнае, як манныя крупы, снежнае крошыва — мяла бясконцая лютаўская завiруха. У бруднае акенца лянiва ўпаўзаў прыцемак.

←Як у кiно... з дрэнным фiналам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика