Іосіф Сярэдзіч: Памылка не адпавядае пакаранню
Рэдактар «Народнай волі» каментуе другое ў гэтым годзе папярэджанне выданню Мінінфармацыі.
«Чаго заўгодна можна было чакаць ад уладаў, толькі не такога. У самыя драконаўскія часы газеты каралі за палітычныя памылкі, але каб за сэнсавую недакладнасць выносіць папярэджанне, не ведаю», — каментуе другое ў гэтым годзе папярэджанне Мінінфармацыі рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч. «Мы змясцілі інфармацыю пра магчымасць падпіскі ў шапіках «Белсаюздруку» па меншым кошце, чым у пунктах падпіскі «Белпошты». Да нас прычапіліся што мы назвалі гэта льготнымі ўмовамі. Дык што — зямля ад гэтага зварухнулася, улада змянілася, людзі на вуліцы павыходзілі абураныя ды заплаканыя?» — абураецца рэдактар «Народнай волі». «Вы можаце сабе ўявіць узровень працы чыноўнікаў. Ці не гаворыць пра прафесійны ўзровень таго ж Праляскоўскага? Няхай ён адкажа на гэтае пытанне. Хіба ж так можна працаваць ў ХХІ стагоддзі? Калі б такое здарылася ў часы БССР, Машэраў бы склікаў паседжанне Бюро ЦК, каб разглядаць гэтае пытанне».
***
Гэта ўжо другое цягам года папярэджанне на адрас выдання. Нагадаем, што рэдакцыю «НВ» пісьмова папярэдзілі 17 лістапада за артыкул «…Не мешай другим отстаивать свободу» (№ № 169—170 ад 30 кастрычніка — 2 лістапада).