Франак Вячорка — зноў у шпіталі
Франка Вячорку паклалі ў мазырскі шпіталь з дыягназам «кароста».
Ён і яшчэ пяцёра салдат пасля выпіскі з інфекцыйнага аддзялення мазырскага шпіталя, дзе яны знаходзіліся з‑за захворвання на грып, скардзіліся на болькі на скуры.
Фельчарка шпіталя і камандаванне дакаралі хлопцаў, што тыя папросту хочуць зноў трапіць у шпіталь. Яны казалі, што гэта ўсяго толькі рэакцыя на антыбіётыкі, якія ім давалі ў шпіталі. Але сёння лабараторна пацвердзілася, што салдаты хворыя на каросту.
Такім чынам, за месяц камандаванне дапусціла ўжо другую эпідэмію ў мазырскай вайсковай частцы.
Раней некалькім салдатам, якія захварэлі на грып, казалі, што яны папросту прастудзіліся і арганізм сам справіцца з хваробай. Праз некалькі дзён у шпіталь трапіў амаль увесь асабовы склад часткі.