Даследаванне TUT. Беларусь вачыма шведаў: “Сэрца, якое б’ецца і крываточыць”
28.12.2009 16:42
—
Новости Общества
Беларусь і Швецыя, Швецыя і Беларусь... Што нас аб’ядноўвае? На першы погляд неабазнанага чалавека — нічога. Аматары гісторыі прыгадаюць полацкіх князёў і Кейданскую ўнію, але ўсё гэта ў мінулым. Якой сучасныя шведы — грамадзяне адной з найбольш развітых і забяспечаных краінаў свету — бачаць Беларусь і беларусаў, калі бачаць увогуле? Чаму яны дапамагаюць і падтрымліваюць нас? Каб адказаць на гэтыя пытанні ў лістападзе карэспандэнт TUT.BY Кастусь Лашкевіч правёў тыдзень у Швецыі, дзе сустрэўся з людзьмі, якія ведаюць пра Беларусь амаль ўсё ці зусім нічога.
На мапе | Тэрыторыя (тыс. км2) | Насельніцтва (млн чал.) | ВУП* (тыс. USD) | |
Беларусь | 207,6 | 9,65 | 6,2 | |
Швецыя | 450 | 9,32 | 52,2 |
* Валавы ўнытраны прадукт на душу насельніцтва ў бягучых цэнах (Міжнародны валютны фонд via Wikipedia).
Што нас ЯДНАЛА ў мінулым?
Чым для Беларусі ёсць Швецыя? Volvo і Saab, Eriksson і IKEA, Карлсан і Піпі Доўгаяпанчоха, Нобель і Бергман... Аднак, перадусім, гэта краіна з якой Беларусь знітавана больш як 1000-гадовай гісторыяй.
Першыя кантакты паміж нашымі продкамі сягаюць часоў вікінгаў. Навукоўцы мяркуюць, што першы беларускі князь Рагвалод і яго дачка Рагнеда — шведскіх крывей. Ёсць доказы і таму, што хрост Полацкага княства ўпершыню адбыўся не ў 988-м, а ў 986 годзе скандынаўскім вандроўнікам Торвальдам.
Багатая на падзеі гісторыя сярэднявечча захавалася ў летапісах не толькі войнамі Вялікага княства Літоўскага з крыжакамі. Гэтак, у жніўні 1555 года ВКЛ і Шведскае каралеўства заключылі Кейданскую ўнію, утварыўшы федэратыўную дзяржаву, якая праіснавала дзевяць месяцаў. Напрыканцы 16 стагоддзя ў Рэчы Паспалітай, складовай часткай якой з’яўлялася ВКЛ, і Швецыі быў адзін кароль — Жыгімонт Васа. На працягу ж 1629-1710 гадоў нашы продкі мелі супольную дзяржаўная мяжа — у Падзвінні.
На зачыне 18 стагоддзя падчас Вялікай паўночнай вайны шведскія войскі тройчы за шэсць гадоў спыняліся на беларускіх землях, пакінуўшы па сабе памяць у нашай тапаніміцы і фальклоры.
У красавіку 1916 года менавіта ў Стакгольме лідэры беларускай сацыял-дэмакратыі Іван Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі ўпершыню агучылі на міжнародным узроўні патрабаванне аўтаноміі Беларусі...
Што яны ВЕДАЮЦЬ пра нас?
Лідэр Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Ostgruppen Марцін Угла (Martin Uggla), які працуе з беларускай грамадзянскай супольнасцю і шведскімі
Марцін Угла: "Беларусы былі забытыя сусветнай гісторыяй" |
палітыкамі ўжо дзесяць год ды няблага размаўляе па-беларуску, канстатуе, што шведы вельмі мала ведаюць пра Беларусь.
“Доўгі час ваш народ быў забытым сусветнай гісторыяй, а пасля распаду СССР інфармацыя пра суверэнную Беларусь, на жаль, распаўсюджвалася вельмі павольнымі тэмпамі. Не дзіўна, што многія дагэтуль лічаць яе часткай Расіі”, — сведчыць праваабаронца.
Зорка шведскай палітыкі, спікер па знешнепалітычных пытаннях Ліберальнай народнай партыі Біргіта Ўльсан (Birgitta Ohlsson) лічыць што ў апошнія 5-7 гадоў вядомасць Беларусі ў Швецыі значна пашырыліся. Галоўным чынам дзякуючы статусу, які наша краіна атрымала ад міжнароднай супольнасці — “апошняя дыктатура Еўропы”. Пры гэтым яна адзначае, што веды большасці палітыкаў неглыбокія. “Натуральна, яны ведаюць пра “апошнюю дыктатуру”, пра праблемы з правамі чалавека і свабодай СМІ, могуць пазнаць твар Аляксандра Лукашэнкі, аднак больш-менш грунтоўнай інфармцыяй валодаюць тыя нямногія, хто займаецца пытаннямі глабальнай палітыкі, спецыялізуецца на еўрапейскай тэматыцы”, — адзначае Ўльсан, якая цягам васьмі гадоў ёсць дэпутатам парламенту.
“Канечне, шведы амаль не ведаюць пра Беларусь. Хаця адсоткаў 80 з іх рэгулярна чытаюць навіны — адзін з самых высокіх паказнікаў у свеце, — кажа мне удзельнік беларуска-шведскага гурта Dreamgale Міхась Сэндэр (Michael Sender), які жыве ў “Тре крунур” з юнацтва і ўжо пачуваецца шведам. — Тлумачачы, што такое Беларусь, заўсёды пачынаю з базавых фактаў: краіна на поўдні ад Балтыі і г.д. А вось адказваць на пытанне пра сусветна знакамітых беларусаў складана, бо адзіны вядомы тут беларус — прэзідэнт Лукашэнка. Ну, цяпер хіба яшчэ пераможца “Еўрабачання” Рыбак”.
Другі беларускі ўдзельнік Dreamgale Зміцер Палагін (Dmitry Palagin), які прыехаў у Швецыю ў студэнцтве, згадвае, што тут багата спартовых аматараў, якія ў размовах з ім рэгулярна успамінаюць пра беларусаў у тэнісе, хакеі, футболе. “І, натуральна, шведы дасюль памятаюць сенсацыйную паразу ад зборнай Беларусі ў чвэрцьфінале Алімпійскіх гульняў-2002, калі на наступны дзень газеты выйшлі з чорнымі перадавіцамі. Тут можна адназначна сказаць, што беларусы пакінулі след у шведскай гісторыі”, — смяецца ён.
Тая самая рашучая шайба Ўладзіміра Копаця ў браму Томі Сала, што прынесла беларусам гістарычную перамогу. Фота: blstb.msn.com |
Зміцер Палагін: "Шведы ведаюць пра Беларусь праз спорт" |
“Шчыра кажучы, не памятаю, калі ў шведскіх СМІ праходзіла апошняя навіна пра Беларусь, — гаворыць менеджэр па міжнародных праектах шведскага Інстытуту павышэння кваліфікацыі журналістаў (FOJO) Агнета Сёдэрберг-Якабсан (Agneta Soderberg Jacobson). — Пра вас згадваюць падчас выбараў, могуць яшчэ напісаць пра канфлікт Расіі і Беларусі. Але пра тое, як жывуць вашы людзі, у нас не пішуць. Як не ведаюць многія шведы і пра само існаванне Беларусі. Нядаўна я была ў вас і купіла вялікага плюшавага сабаку дачцэ. Нягледзячы на свае пяць гадоў, яна ўжо пабывала са мной у Мінску, ведае, хто такі Лукашэнка. Прынесла яна аднойчы гэтую цацку ў дзіцячы садок і сказала выхавацельцы: "Гэта мая мама прывезла з Беларусі (Vitryssland)". "Такой краіны не існуе. Гэта з Расіі?" — удакладніла тая.
“У нас, сапраўды, вельмі мала пішуць пра Беларусь. Мая апошняя сур’ёзная публікацыя выйшла недзе год назад. Канечне, былі навіны пра запуск Усходняга партнёрства і нядаўняе падаўжэнне спынення санкцыяў Еўразвязу супраць беларускіх чыноўнікаў, аднак гэта інфармацыя адным абзацам, — тлумачыць журналіст уплывовай шведскай газеты Sydsvenska Dagbladet (Мальма) адзін з найлепшых знаўцаў постсавецкай прасторы Калле Кнійвіля (Kalle Kniivila). — Чаму мы не пішам пра Беларусь? Бо, па вялікім рахунку, у вашай краіне нічога не адбываецца”. Хоць, на маю думку, гэта няправільна: мы ж амаль суседзі”.
Першы перакладчык сучаснай літаратуры з беларускай мовы на шведскую і наадварот, стваральнік і кіраўнік беларускай рэдакцыі “Радыё Швецыі” Дзмітры Плакс тлумачыць невялікую цікавасць Швецыі да Беларусі тым, што тамтэйшае грамадства — інфармацыйнае, шырокую ўвагу якога прыцягвае нешта дынамічнае. “З гэтага гледзішча у нас, сапраўды, нічога не адбываецца. З другога, у Беларусі няма, скажам, ані нафты, ані газу. Ёсць Лукашэнка. Сам па сабе ён унікальны, але, каб зацікавіцца тым, што стаіць за ім, трэба прыкладаць намаганні, а стымулаў для гэтага няма”.
Дзмітры Плакс: "Для шведаў у Беларусі нічога не адбываецца" |
Тым не менш, Плакс прыгадвае, што ў сярэдзіне 1990-х, калі ён толькі прыехаў у Швецыю, ніхто ўвогуле нічога не ведаў пра Беларусь. “І гэта пры тым, што ад Мінска да Стакгольма бліжэй, чым да Пецярбурга. Вельмі павольна, але сітуацыя мянялася. Калі напрыканцы 90-х я пачаў перакладаць шведскую літаратуру, 99,9% з тых, каго я перакладаў, хацелі, каб іхнія тэксты былі па-руску, бо яны не разумелі, што такое беларуская мова. Цяпер сітуацыя цалкам адваротная: 99,9% з іх жадаюць быць перакладзенымі менавіта на беларускую. За гэты час уяўленне людзей, якія больш-менш цікавяцца праблематыкай, памянялася проста кардынальна”.
Прагрэс у справе пашырэння вядомасці Беларусі ў Швецыі за апошняе дзесяцігоддзе канстатуе і выкладчык гісторыі ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма, аўтар кнігі “Шведы ў культуры і гісторыі беларусаў” Андрэй Катлярчук. “Самы вядомы тут беларус — Лукашэнка. Ведаюць шведы беларускі хакей, віртуоза малой ракеткі Ўладзіміра Самсонава, бо настольны тэніс надзвычай папулярны ў Швецыі. Гісторыю і культуру, на жаль, не. Калі Шведскі інстытут працуе з Беларуссю, то беларуская дзяржава ніякім чынам не нагадвае пра сябе ў Швецыі. Пра што казаць, калі за 20 год незалежнасці Інстытут гісторыі нашай АН так і не выдаў ніводнай "Гісторыі Беларусі" па-ангельску!".
“Туркі, палякі, іншыя нацыі рэгулярна арганізоўваюць тут нейкія мерапрыемствы, папулярызуюць свае культуры, традыцыі. Беларусь і беларусы падобнага не робяць, — шкадуе наша суайчынніца Таццяна Баранава, якая навучаецца ва ўніверсітэце Мальма. — Ёсць адчуванне, што калі я кажу Belarus ці Vitryssland, шведы баяцца пакрыўдзіць мяне сваім няведаннем. Толькі цяпер я зразумела, чаму так доўга не магла знайсці тут жытло. Месцічы не адказвалі на мае заявы ці адразу адмаўлялі таму, што баяліся здаваць кватэру чалавеку з невядомай краіны. На днях прадавец у краме запытаўся ў мяне, ці ў Еўропе гэта?”
Таццяна распавядае, што ўніверсітэцкія выкладчыкі-міжнароднікі арыентуюцца ў сітуацыі нашага рэгіёна, аднак, напрыклад, адзін з іх не ведаў, што ў нас ёсць уласная мова, адрозная ад расійскай”...
У чым мы ПАДОБНЫ?
Напэўна, гэта даследаванне ніколі б не з’явілася ў прыродзе, калі б не першы шведскі амбасадар у Беларусі Стэфан Эрыксан (Stefan Eriksson), дзякуючы якому я, як
многія беларусы, зусім па-новаму зірнулі на Швецыю. Прыехаўшы ў Беларусь пасля дыпламатычнай працы ў Расіі, ён не толькі глыбока зацікавіўся нашай гісторыяй і культурай, але і вывучыў беларускую мову. Ды так, што размаўляе на ёй амаль без акцэнту! Спадар Стэфан сцвярджае, што гэта яго
жыццёвае правіла: “У якой краіне працую, тую мову і вывучаю”. Аднак мне падаецца, што карані надзвычайнай зацікаўленасці шведскага дыпламата Беларуссю яшчэ і ў тым падабенстве, якое ён убачыў у нашых народаў.
Стэфан Эрыксан: "Мяне здзіўляе абыякавасць беларусаў да роднай мовы" |
“Перакананы, што агульнага ў беларусаў і шведаў ўсё ж больш, чым адрознага. Калі абагульняць, тыповы шведскі і беларускі характар падобныя сваёй стрыманасцю, памяркоўнасцю, разважлівасцю. Верагодна, на гэта паўплывалі падобныя суровыя кліматычныя ўмовы. У цэлым беларусы са шведамі даволі лёгка знаходзяць паразуменне. Гэта і не дзіўна, ведаючы колькі агульнага ў нашай гісторыі”, — распавядае Эрыксан.
Журналіст-фрылансер Тобіяс Люнгваль (Tobias Ljungvall), аўтар шведскамоўнай кнігі Kontroll: Rapport frеn Vitryssland (“Кантроль: Справаздача з Беларусі”, 2003) пагаджаецца, што беларускі і шведскі характары падобны ўмеранасцю. Аднак бачыць ён і пэўныя адрозненні. “Ёсць такі сусветны даследчы праект World Values Survey. Ён вымярае прыналежнасць розных нацый да традыцыйных ці рацыянальных каштоўнасцяў, а таксама вызначае, пра што людзі думаюць больш — пра выжыванне ці самавыражэнне. Паводле вынікаў даследавання, шведы былі прызнаныя самым рацыянальным і самым выразным народам у свеце. Прынамсі, яны самі пра сябе так думаюць. Калі аб гэтым запытацца беларуса, думаю, ён скажа, што выжыванне для вас важней”.
Краінавы дырэктар Дэпартаменту па кааперацыі рэформ у Еўропе Шведскага агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA) Марыяна Хультберг (Marianne Hultberg) называе нас блізкімі суседзямі і разглядае Беларусь неад’емнай часткай балтыйскага рэгіёну, шкадуючы, што “ад Стакгольма да Мінска трохі больш за гадзіну лёту, а мы так мала пра вас ведаем”.
“Па сваёй пабудове (у класічным разуменні, тут усяго тры вялікія гарады) і ментальнасці Швецыя — сялянская краіна, чым вельмі падобна да Беларусі. Яшчэ 10 гадоў таму выпускі шведскіх навінаў пачыналіся з паведамленняў пра лася, які перайшоў дарогу, і толькі последам ішоў канфлікт на Блізкім Усходзе. Цяпер сітуацыя крышку змянілася, і ўсё ж... Беларусы і шведы найперш падобны пэўнай абмежаванасцю, зацікаўленасцю тым, што адбываецца ва ўласным падворку, — лічыць Дзмітры Плакс.
Праўда, літаратар звяртае ўвагу на тое, што з канца 1960-х Швецыя вядзе вельмі актыўную міжнародную палітыку. “Калі ўзяць пад увагу памер краіны, гэта незвычайна. Да прыкладу, імя не нашмат меншай па колькасці насельніцтва за Швецыю Аўстрыі на міжнароднай арэне так не гучыць. Пэўна, адна з прычын — арыентаванасць ўсёй шведскай эканомікі на экспарт, што вымагае ад краіны актыўных паводзінаў. Беларусь жа дагэтуль застаецца даволі ізаляванай ад свету”, — падсумоўвае ён.
У залатой зале Стакгольмскай ратушы (на фота ў цэнтры) штогод ладзяцца банкеты ў гонар лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. Фота: К.Лашкевіч. |
У чым яны нас НЕ РАЗУМЕЮЦЬ?
Многія з тых, з кім я сустракаўся, займаюцца Беларуссю не адзін год, аднак ёсць рэчы, якія ім па-ранейшаму застаюцца абсалютна незразумелыя.
“Мяне па-ранейшаму здзіўляе абыякавасць і нават крывадушнасць беларусаў у стаўленні да роднай мовы. З аднаго боку, я ведаю гістарычныя і сацыяльныя прычыны такой сітуацыі, але розумам і сэрцам не магу зразумець і пагадзіцца з гэтым, — дзеліцца пасол Эрыксан, які жыве ў Беларусі ўжо чатыры з паловай гады. — Для мяне як прадстаўніка не самага вялікага (але і не самага маленькага!) еўрапейскага народа вельмі важна, што Еўропа сёння робіць усё магчымае для захавання нацыянальных моў. Напрыклад, у Швецыі апроч дзяржаўнай шведскай мовы ёсць яшчэ некалькі тых, што маюць афіцыйны статус моваў нацменшасцяў — фінская, саамская, меанкэлі, ідыш і романі. Іх носьбітаў не так многа, але дзяржава спрыяе іх захаванню. Гэта і наша агульная задача”.
Зусім нядаўна дыпламат, які неацэнна многа зрабіў для развіцця шведска-беларускіх стасункаў, стварыў у Мінску суполку беларускамоўных паслоў, мэта якой —
заахвочваць інтарэс да беларускай мовы сярод сваіх калег, а таксама ў беларускім грамадстве. Пакуль у яе ўвайшлі амбасадары Польшчы, Украіны і Літвы, аднак ініцыятар упэўнены, што кола ўдзельнікаў будзе пашырацца.
Андрэй Катлярчук: "Падзел на “чэсных” і “нячэсных” - "абсалютна дурны” |
“У Беларусі той, хто крытыкуе ўладу, адразу залічваецца ў шэраг “ворагаў”. У Швецыі падобнае немагчыма, бо крытык — прадстаўляе ён апазіцыю ці не — усё роўна працуе на дзяржаву, — сведчыць Андрэй Катлярчук, адзін з першых айчынных гісторыкаў, які выйшаў на міжнародную арэну. — Заміж таго, каб ссылаць Паўла Севярынца на “хімію”, я б параіў уладзе даць яму офіс у цэнтры Мінска і даручыў бы працаваць з моладдзю. Ён жа не наркотыкі заклікае ўжываць, а хоча выхоўваць патрыятызм, працаваць на будучыню краіны”.
Катлярчук, які жыве ў “Трэ крунур” ад 2000 года, лічыць, заўсёдны беларускі падзел на “нашых” і “нянашых”, “чэсных” і “нячэсных” “абсалютна дурным”. “І Лукашэнка беларус, і Мілінкевіч беларус, і мітынговец, які крычыць “Беларусь у Еўропу”, — беларус, і спецназавец, які б’е яго па карку, — таксама беларус... Гэта трэба зразумець і зрабіць тое, што рабілі нашы продкі ў ВКЛ, і рэлікты гэтага свету захоўваліся ў заходнебеларускіх мястэчках да 1939 года”.
У часе напісання кнігі пра беларускую палітыку Тобіяс Люнгваль багата калясіў па нашай краіне і сустракаўся з самым рознымі людзьмі. Ён распавядае, што досыць добра арыентаваўся ў беларускай палітычнай сітуацыі, аднак пры гэтым адчуваў, што па-за ягонай сферай разумення застаюцца працэсы ценявой палітычнай эканомікі, звязаныя з беларуска-расійскімі дачыненнямі. “Напрыклад, калі ўлетку 2003 года я сустракаўся з паплечнікам беларускага прэзідэнта Мікалаем Чаргінцом, ён спрабаваў праз мяне лабіраваць у шведскага МЗС быццам бы экалагічную ініцыятыву: прыбраць з дна Балтыйскага мора парэшткі хімічнай зброі. Дагэтуль не разумею, чаму, бо пазней стала вядома, што гэтыя парэшткі замінаюць будаўніцтву расійскага газаправода Nordstream, праект якога супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі”, — кажа Люнгваль.
Сярод беларускіх інтэлектуалаў з года ў год паўстае пытанне, калі мы атрымаем ад Шведскай акадэміі Нобелеўскую прэмію ў літаратуры і чаму яна мінула Васіля Быкава, які яе, бясспрэчна, заслугоўваў?
Тобіяс Люнгваль: "Чаргінец спрабаваў лабіраваць праз мяне расійскі газаправод" |
“У часе жыцця Васіля Ўладзіміравіча на шведскую мову была перакладзена (прычым, з рускай мовы) адзіная кніга — “Кар’ер”. У пачатку 1990-х яна атрымала тут вельмі добрую крытыку, аднак... — тлумачыць Дзмітры Плакс, які апроч перакладаў ёсць аўтарам некалькіх шведскамоўных кніг. — Тое, пра што Быкаў пісаў большую частку жыцця, можа зацікавіць шведскае грамадства толькі з гледзішча гісторыі. Каб зразумець быкаўскую псіхалогію і мараль вайны, у шведаў няма ўласнага досведу. Пра што тут казаць – 200 год яны не ўдзельнічалі ў войнах”.
Не ўсе пра гэта кажуць наўпрост, аднак, натуральна, што найвялікшае неразуменне ў шведаў выклікае адсутнасць у беларусаў палітычнай волі, задаволенасць тым нямногім, што мы маем.
Гаворачы пра эфект праграм SIDA, якія мусяць садзейнічаць далейшаму працэсу рэформ на Беларусі і спрыяць справядліваму і ўстойліваму развіццю беларускага грамадства, Марыя Хультберг адзначае, што ўсё залежыць ад саміх беларусаў: “Мы верым у справу дэмакратыі, але рашэнні мусяць прымаць беларускія ўлады і народ, у якога павінен быць выбар. Пакуль беларусы падтрымліваюць цяперашні палітычны лад, гаварыць пра кардынальныя зрухі ў грамадстве не выпадае. На гэта можа спатрэбіцца змена некалькіх пакаленняў”.
Затое лідэр Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Ostgruppen Марцін Угла, які добра знаёмы з тым, што адбываецца сярод грамадзянскай супольнасці Беларусі, не можа зразумець, чаму розныя апазіцыйныя сілы не жадаюць дамовіцца, а імкнуцца выбіць глебу з-пад ног адно аднаго.
“Відавочна, у многіх ёсць амбіцыі і ніхто не хоча дзеля агульнай справы падзяліцца сваім статусам, паўнамоцтвамі, — прыпушчае праваабаронца. — Магчыма, прычына ў адсутнасці традыцыі перадачы ўлады ў вашых партыях і грамадскіх арганізацыях, бо большасць сённяшніх кіраўнікоў — людзі, якія калісьці іх заснавалі. Я таксама не ўпэўнены, што лідэры ўсіх дэмакратычных арганізацый у Беларусі — вельмі дэмакратычныя людзі. Гэта важна, дарэчы, і для Швецыі, бо дэмакратыю неабходна абнаўляць і абмяркоўваць. Бо і ў нас нярэдка на чале арганізацый заседжваюцца аўтарытарныя кіраўнікі. Пры гэтым губляецца сама сутнасць дэмакратыі — каб ва ўсіх была магчымасць уплываць на палітыку”.
... Не разумеюць, але дапамагаюць.
Чаму яны нам ДАПАМАГАЮЦЬ?
Гэтае пытанне найбольш цікавіла мяне яшчэ да паездкі ў Швецыю. Менавіта яго я найчасцей задаваў шведам, з якімі кантактаваў і якія маюць якое-кольвек дачыненне да двухбаковых стасункаў.
14 студзеня 1992 года Швецыя стала адной з першых краінаў у свеце, што прызнала нашу незалежнасць. У суверэнныя гады “Трэ крунур” ёсць адной з лідэраў ў Еўропе па колькасці грамадска-культурных праектаў, скіраваных на Беларусь. Менавіта Швецыя не аднойчы ўздымала ў Еўразвязе праблемныя пытанні што да Беларусі, і разам з Польшчай стала ініцыятарам праграмы Ўсходняе партнёрства.
У чым жа прычына гэтакага ўдзелу Швецыі ў нашым лёсе?
Агнета Сёдэрберг-Якабсан з FOJO, у адукацыйных праграмах якога за 10 год паўдзельнічала больш за 800 беларускіх журналістаў, тлумачыць лідэрства Швецыі вынікам
некалькіх прычынаў:
Агнета Сёдэрберг-Якабсан: "Мы змагаемся ў Еўропе за Беларусь" |
“Па-першае, гэта палітычнае рашэнне. У 2004 годзе ў Парыжы адбылася вялікая міжнародная канферэнцыя, на якой было вырашана падзяліць сферы ўплыву донарскай дапамогі. Колькасць краінаў, з якімі працуе Шведскае агенцтва міжнароднага развіцця (SIDA), скарацілася ў два разы. Пры гэтым вырасла ўвага да кожнай з іх.
Па-другое, у Швецыі ёсць шэраг людзей, якія даўно і вельмі шчыльна займаюцца Беларуссю. Напрыклад, наш цяперашні міністр па развіцці міжнароднага супрацоўніцтва Гуніла Карлсан мае добрыя сувязі з беларускімі палітыкамі. То бок, многае трымаецца на асабістых кантактах шведаў і беларусаў.
Па-трэцяе, ёсць такая шведская гордасць, што разам з новымі сябрамі Еўразвязу мы ўтвараем маленькую групу, якая змагаецца ў Еўропе за Беларусь”.
З’яўляючыся адным з найбуйнейшых у Еўропе донараў тэхнічнай дапамогі, Швецыя штогод выдаткоўвае 1% ад Валавога ўнутранага прадукту на фінансавую дапамогу іншым краінам. Для гэтага ў 1965 годзе была створана дзяржаўная арганізацыя SIDA, якая ўваходзіць ў структуру Міністэрства замежных спраў каралеўства. Краінавы дырэктар агенцтва па Беларусі, Расіі і Цэнтральнай Азіі Марыяна Хультберг распавядае, што эканамічны крызіс, а таксама іншыя фактары падштурхнулі да закрыцця праграм у шэрагу краін: Расіі, Нікарагуа, Таджыкістане, Кіргістане і інш. Аднак Беларусі, з якой SIDA шчыльна працуе з канца 1990-х, гэта не датычыцца. Наадварот, у наступным годзе агульнае фінансаванне беларускіх праектаў павялічыцца з сёлетніх 70 млн да 90 млн крон (каля 9 млн еўра). Для параўнання, агульнае фінансаванне ў 2002-2005 гадах склала 138 млн крон. Рэалізацыя праектаў прадугледжана "Стратэгіяй развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю да снежня 2010 года" і вядзецца ў пяці прыярытэтных кірунках: сацыяльная ахова і ахова здароўя; дэмакратыя, грамадзянская супольнасць, правы чалавека, СМІ і інфармацыя; культура, адукацыя і даследаванні; развіццё прыватнага сектара і ахова навакольнага асяроддзя.
“Пакуль цягам доўгага часу Еўразвяз байкатаваў беларускі рэжым, мы пільна працавалі з вашай краінай на ніжэйшых узроўнях, — распавядае Марыяна Хультберг, называючы сярод паспяховых праектаў, напрыклад, праект падтрымкі і развіцця зямельнага кадастру і аграрнай рэформы, працу з сацыяльнымі цэнтрамі і цэнтрамі занятасці насельніцтва, экалагічныя праграмы.
Калле Кнійвіля: "Беларусь мае прыярытэт у шведскай палітыцы" |
Апроч скіраванасці Швецыі да міжнародных праектаў Калле Кнійвіля, які не аднойчы бываў у Беларусі з семінарамі для рэгіянальных журналістаў, падкрэслівае, што Беларусь мае прыярытэт у палітыцы ўраду, бо “вы — самая блізкая да нас краіна са зразумелымі праблемамі і адэкватным памерам, у якой, у адрозненне ад Расіі, можна нешта змяніць”.
А вось Дзмітры Плакс вялікай цікавасці да Беларусі з боку Швецыі не бачыць, адзначаючы, што бягучая сітуацыя сведчыць аб тым, што інтарэс з боку іншых краін яшчэ меншы.
“Скіраванай на Беларусь культурнай палітыкі я не бачу, а ўсе дачыненні нашых краін у гэтай галіне — спарадычныя. Часткова таму, што ўсё, як і ў самым пачатку, трымаецца на энтузіязме асобных людзей. Не існуе агульнай стратэгіі абмену. Бо з аднаго боку, культура, якую можа прадстаўляць тут беларуская дзяржава, не вельмі цікавая шведскаму грамадству. А тая, якую рэпрэзентуе недзяржаўны сектар, не мае фінансавай падтрымкі, — кажа літаратар, мастак і перакладчык. — Балазе, што ёсць асобы, якія цягнуць гэты цяжар на сваіх плячах. Безумоўна, вельмі шмат робіцца высілкамі Стэфана Эрыксана. Вось ужо восем год ладзяцца Дні беларуска-шведскай літаратуры. Гэта праект аднаго чалавека — журналісткі і фатографа Марыі Сёдэрберг. Шмат год, часам за свае ўласныя грошы, яна рабіла беларускі стэнд на буйным кніжным кірмашы ў Гётэбаргу. Як толькі яна перастала гэтым займацца, справа “загнулася”.
Красамоўная ілюстрацыя гэтай заканамернасці — сёлетняе закрыццё беларускай праграмы “Радыё Швецыя”, якую некалькі энтузіястаў на чале з Плаксам рабілі больш за чатыры гады. Аднак прыйшоў іншы начальнік, які не разумее розніцу паміж Беларуссю і Расіяй, і на ўнікальным праекце, які стаў цэнтрам беларускага жыцця ў Скандынавіі, быў пастаўлены крыж.
Vitryssland ЦІ Belarus?
Галоўная праблема, з якой сутыкаюцца беларусы, трапляючы за мяжу, — растлумачыць хто яны і з якой краіны. Натуральна, праз 18 год існавання суверэннай дзяржавы рабіць гэта стала значна прасцей. Аднак у свеце яшчэ багата міфаў адносна Беларусі, і ізаляцыйная вонкавая палітыка ўладаў у апошнія гады не спрыяла таму, каб гэтыя міфы развейваліся.
Адзін з іх — назва краіны. Яшчэ ў Законе ад 19 верасня 1991 года “Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” Вярхоўны савет пастанавіў: “БССР надалей называць “Рэспубліка Беларусь”, а ў скарочаных і складовых назвах — “Беларусь”. Устанавіць, што гэтыя назвы транслітэруюцца на другія мовы адпаведна з беларускім гучаннем”. Аднак заклік быў слаба пачуты, і ў многіх мовах захавалася старая каланіяльная назва Беларусі. У Швецыі — гэта Vitryssland.
“Vitryssland даслоўна перакладаецца як "Белая Расія”. У свядомасці людзей гэта нешта на поўначы Расіі, пакрытае снегам, — тлумачыць Дзмітры Плакс. — За гады
жыцця тут самыя распаўсюджаныя пытанні ад людзей, якія не маюць дачынення да беларускай праблематыкі: ці знаходзіцца Беларусь па-за Уральскімі гарамі ці перад, і колькі разоў я ездзіў па Транссібірскай магістралі. Калі я пачынаю тлумачыць, што мая радзіма ад яе нашмат далей, чым Швецыя, яны проста не разумеюць”.
Майк Сэндэр: Надакучыла казаць, што я не з Белай Расіі" |
Плакс распавядае, што больш за 10 год таму ён пачаў паслядоўна ўжываць назву Belarus і яе вытворныя. Сёлета ж беларускі ўдзельнік гурта Dreamgale Майк Сэндэр выступіў з ініцыятывай дабіцца змянення назвы афіцыйным чынам.
“Проста надакучыла тлумачыць усім, што мы не Белая Расія, адказваць на пытанні пра тое, як Расія згуляла ў хакей, пра Грузію і Пуціна... Мне няма справы да расійскага жыцця, ужо не кажучы пра кепскую рэпутацыю Расіі ў Швецыі. Так у мяне і нарадзілася ідэя зладзіць грамадзянскую кампанію па афіцыйным перайменаванні Беларусі ў Швецыі з Vitryssland у Belarus”, — кажа музыка.
“Ёсць катэгорыя людзей, якія ведаюць, што за гэта незалежная краіна, у якой ёсць адрозная ад расійскай мова, але і яны пытаюцца, чаго ж мы так завёмся. Тыя ж, хто пра нас нічога не ведае, проста думае, што ідзецца пра Расію”, — дадае Зміцер Палагін.
Яшчэ адзін актыўны ўдзельнік кампаніі "За Belarus" Андрэй Катлярчук праводзіць паралель паміж моўнай ідэнтыфікацыяй і назвай краіны. “Гэта нармальная тэндэнцыя, калі людзі атаясамліваюць краіну з мовай. То бок, у Швецыі вельмі складана патлумачыць, што ты беларус, але размаўляеш па-расійску. Шведы адразу ўважаюць цябе за расійца. Таму надзвычай важна, каб і назва краіны была не Белая Расія, а Беларусь”.
Грамадскую кампанію "За Belarus", арганізаваную, нешматлікімі прадстаўнікамі беларускай грамады, падтрымалі шведскія палітыкі. Адна з самых актыўных “лабістаў” беларускага пытання Біргіта Ўльсан лічыць непрымальным захаванне ў шведскамоўным ужытку назвы Vitryssland. “Гэта надзвычай важна, для незалежнасці Беларусі, для ўспрымання вашай краіны як суверэннай, без сувязі з савецкім мінулым, — кажа палітык-ліберал. — Думаю Акадэмія стала на наш бок. Аднак дабіцца афіцыйнай змены — няпросты працэс. Многія камісіі мусяць змяніць сваю пазіцыю і кожнай з іх трэба давесці рацыю гэтай замены. Пры тым, што першапачаткова многія ўвогуле не разумелі, чаго я дабіваюся. Менавіта таму я звярнулася да міністра замежных спраў Швецыі Карла Більдта з афіцыйнай просьбай называць вашу краіну імем, распаўсюджаным у большасці краінаў свету — Belarus”.
Біргіта Ўльсан: "Назва Vitryssland - непрымальная" |
Вынікам, напрыканцы кастрычніка Шведская акадэмія вырашыла ў наступным выданні свайго слоўніка ўжываць прыметнік belarusisk (беларускі). Пры гэтым назва самой краіны пакуль застаецца ранейшай — Vitryssland. Ужо адбыліся два паседжанні спецыяльнай моўнай групы акадэміі, але пакуль безвынікова.
“Як выяўляецца, у Швецыі няма яснай сістэмы ўсталявання нормаў што да геаграфічных назваў. Не зусім зразумела, якая ўстанова ёсць ісцінай у апошняй інстанцыі. Магчыма, дзякуючы грамадзянскай кампаніі ў гэтым пытанні з’явіцца яснасць”, — спазяецца Стэфан Эрыксан.
Цікава, што шведскі амбасадар у Беларусі падтрымаў кампанію "За Belarus", а вось беларускае пасольства ў Швецыі яе праігнаравала.
“У дакументазвароце я ўжываю афіцыйную шведскую назву — Vitryssland, але мая асабістая пазіцыя — толькі Belarus, і з цягам часу мы да гэтага прыйдзем. Трэба толькі, каб выкарыстанне новай назвы проста пашырылася ва ўжытку”, — дзеліцца Эрыксан.
Раіць назапасіць цярпення і Агнета Сёдэрберг-Якабсан: “Калі цяпер шведы не ведаюць, што такое Vitryssland, выкарыстанне экспертамі новай формы толькі ўскладніць сітуацыю. Нават для тых, хто займаецца Беларуссю, перайсці на новы лад даволі цяжка. Сама кажу Vitryssland і адразу спыняю сябе: "О, не, трэба ж Belarus!" Але паступова гэтая назва замацоўваецца ва ўсім свеце”.
Якімі яны бачаць нас ў БУДУЧЫНІ?
Што з намі будзе праз 10, 20, 30 гадоў не ведаем ані мы самі, ані вонкавыя назіральнікі. Аднак, улічваючы сёлетні прарыў ў адносінах паміж афіцыйным Мінскам і Брусэлем, я пацікавіўся ў шведскіх экспертаў, якой ім бачыцца палітычная перспектыва нашай краіны.
Марцін Угла лічыць Беларусь неад’емнай частка Еўропы і вельмі хацеў бы, каб наша краіна стала сябрам Еўразвязу. “Аднак, улічваючы цяперашнюю пазіцыю ЕЗ адносна далейшага пашырэння, гэта далёкая перспектыва, — разважае праваабаронца. — Я ўпэўнены, што беларусы, як і ўсе астатнія людзі, жадаюць жыць свабодна. Цяперашняя сітуацыя няпростая, але паступова яна будзе паляпшацца, бо ў вас ёсць патэнцыял. Вельмі важна, што маладое пакаленне можа даволі свабодна перасоўвацца — у рэальным і віртуальным свеце, што адкрывае недасяжныя дагэтуль магчымасці”.
А вось на думку Агнеты Сёдэрберг-Якабсан сяброўства Беларусі ў ЕЗ будзе праблемным праз вялікую залежнасць нашай краіны ад Расіі. “У той жа час мне падаецца, што ў перспектыве шчыльнага саюзу Беларусі з Расіяй таксама не будзе. Магчыма, пакуль найбольш рэальная перспектыва для Беларусі — мост паміж Захадам і Расіяй”, — адзначае куратар журналісцкіх праектаў.
Барбара Торнквіст: "Беларусы хочуць захаваць незалежнасць, але баяцца калапсу" |
Марыяна Хультберг, якая шмат гадоў жыла і працавала на постсавецкай прасторы, таксама ўпэўнена, што “будучыня вашай краіны — разам з Еўропай”. Пры гэтым яна дадае, што Расія, у сферу геапалітычнага ўплыву якой уваходзіць Беларусь, павінна зразумець, што мець шчаслівага суседа лепш ва ўсіх адносінах”.
“Канечне, тэарэтычна, найлепшы шлях для Беларусі — быць самастойнай ды нейтральнай дзяржавай на ўзор Аўстрыі ці Швецыі, — рэзюмуе прафесар Лундскага ўніверсітэта, аўтар першай шведскамоўнай манаграфіі з гісторыі і культуры Беларусі Барбара Торнквіст-Плева (Barbara Tornquist-Plewa). — Калі Беларусь пажадае захаваць суверэнітэт, ёй прыйдзецца пазбавіцца ад суцэльнай палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі, усталяваць трывалыя стасункі з Еўразвязам, збалансаваць эканоміку. Будучыя лідэры Беларусі рана ці позна будуць вымушаны вырашаць і пытанне прысутнасці на беларускай тэрыторыі расійскіх войскаў. Леташні грузінскі досвед прадэманстраваў небяспеку такой сітуацыі".
На думку прафесара, беларусы больш схільныя да раўнаважнага прыбалтыйскага ўкладу грамадства, чым да расійскага, дзе пануе велізарная розніца паміж багатымі і беднымі. “Аднак краіны Балтыі яшчэ ў 1990-х ажыццявілі структурныя рэформы сваіх эканомік. Натуральна, яны суправаджалася пэўнымі выпрабаваннямі для насельніцтва, але людзі верылі ў свае сілы і бачылі святло ў канцы тунэлю. Беларусы хочуць захаваць незалежнасць, аднак замест ўпэўненасці ў сваіх сілах я бачу адно боязь калапсу, які можа наступіць у выніку пераменаў”, — дзеліцца назіраннямі Барбара Торнквіст-Плева.
Пры гэтым шведскі беларусіст не выключае ў перспектыве сяброўства Беларусі ў Еўразвязе. “У 1981 годзе пасля разгрому ў Польшчы дэмакратычнага руху я пераехала ў Швецыю, бо ня верыла ў тое, што камуністычная сістэма абрынецца пры маім жыцці, што Польшча стане незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. Аднак прайшло восем гадоў і ўсе змянілася. Таму, ніхто ня ведае, што будзе ў Беларусі праз 10 ці 20 год”.
Эпілог
7 ліпеня 1914 года беларуская паэтка і рэвалюцыянерка Цётка, якая падарожнічала ў той час па Скандынавіі, пісала ў Мінск педагогу і фалькларысту Браніславу Эпімах-
Шыпілу:
Фота: pelle_T, Flickr |
“...Я ўжо адпаўзла 70 кіламетраў ад Stokholma; начую сёння ў сяле Wangnhorad у жалезнадарожным hotel’і на трэцім паверсе. Ураджаяў я яшчэ нідзе такіх не бачыла, як у Швецыі. Крыху ўжо знаёмімся з людзьмі, вучымся іхняй мовы. З інтэлігенцыяй усюды можна па-нямецку разгаварыцца. Лес, возеры, багатыя нівы, надзіў пекныя будынкі, кожны дамок немаль мае тэлефон...”
Фантастыка, але ўжо сто год назад тэлефоны былі ў Швецыі натуральнай з’явай! У Мінску ж ў сярэдзіне 1980-х вынаходка Аляксандра Бэла ўсё яшчэ заставалася марай для жыхароў спальных раёнаў. Не дзіва, што ад 2001-га года 4000 беларусаў папрасілі палітычнага прытулку ў Швецыі. “Ахвяры рэжыму” уцякаюць ад беларускага сацыялізму ў шведскі. Хітрасці беларусам не займаць”, — напісала на днях першая беларуская газета “Наша ніва”.
Напрыканцы хачу працытаваць вядомага шведскага журналіста, аўтара першай папулярнай шведскай кнігі пра Беларусь “89 міліметраў ад Еўропы” (1999) Шэля Альбіна Абрахамсана.
“Карл Юнас Алмквіст піша ў апавяданні “Чароўнасць карты”: “Ці падзяляе хто мае думкі? Не ведаю таго, але не магу не сказаць, што самі контуры краін здаюцца мне неапісальны прыгожымі”. Не ведаю, ці падзяляе хто маю думку, але Беларусь сваёй формай на карце нагадвае мне сэрца, не рамантызаванае сэрца, а сапраўднае, біялагічнае. Сэрца, якое б’ецца і крываточыць”.
Вось такім сэрцам, якое б’ецца і крываточыць, шведы і бачаць сённяшнюю Беларусь. Малавядомую і загадкавую краіну з еўрапейскім мінулым, якая пасля двух стагоддзяў адсутнасці вярнулася на палітычную мапу свету. Вярнулася, але ўсё яшчэ стаіць на раздарожжы лёсу.
Стакгольм - Мінск.
Матэрыял падрыхтаваны ў межах журналісцкага даследавання, арганізаванага Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам ім. Ё. Рау пры падтрымцы офіса АБСЕ у Мінску.
Стакгольм - Мінск.
Матэрыял падрыхтаваны ў межах журналісцкага даследавання, арганізаванага Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтрам ім. Ё. Рау пры падтрымцы офіса АБСЕ у Мінску.
У праекце "Беларусь вачыма шведаў" таксама чытайце:
Дзмітры Плакс: Швецыя ажыццявіла мару беларускай улады>>>
Фотафакт. Стакгольм увосень: дажджліва, туманна, але як прыгожа>>>
Куратар Беларусі ў SIDA: Мы верым у дэмакратыю, але рашэнне - за вашым народам>>>
Журналист Sydsvenska Dagbladet: В Швеции не знают о Беларуси потому, что у вас ничего не происходит>>>
Праваабаронца Марцін Угла: Мы з Эрыксанам - адзіныя шведы, што між сабой размаўляюць па-беларуску>>>
Агнета Сёдэрберг-Якабсан: Беларускі народ стаміўся ад "партызанскай" журналістыкі>>>
Андрэй Катлярчук: Найвялікшы міф нашай гісторыі - “ВКЛ - беларуская дзяржава”>>>
Поп-гурт Dreamgale: як беларусы пракінулі шведскі шоў-біз>>>
Стэфан Эрыксан стварыў у Беларусі нефармальны клуб беларускамоўных амбасадараў>>>