«Сцяну Цоя» адновяць ля стадыёна «Дынама»
Аматары спевака Віктара Цоя дабіліся таго, каб сталічныя ўлады аднавілі «сцяну Цоя» ў Мінску. Пра гэта паведаміў Андрэй Кім.
Нагадаем, 4 снежня ў Мінгарвыканкам былі накіраваныя 1.990 подпісаў мінчан з патрабаваннем аднавіць «сцяну Цоя». У верасні 2008 года два фрагменты «сцяны Цоя», які размяшчаліся за будынкам Палаца Рэспублікі ў Мінску, былі дэмантаваныя «ў сувязі з будаўніцтвам на яе месцы новага будынка».
Паводле слоў Кіма, акрамя подпісаў у Мінгарвыканкам было накіравана таксама некалькі соцень лістоў з патрабаваннем аднавіць «сцяну Цоя». «У панядзелак, 21 снежня, на зварот быў атрыманы адказ з Мінгарвыканкама. У ім гаворыцца, што месца для размяшчэння «сцяны Цоя» ўзгоднена, і ўжо дадзена ўказанне адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска на канкрэтным месцы аднавіць гэтую сцяну», — сказаў актывіст.
Паводле яго слоў, сцяна будзе размешчана ў цэнтры горада ў скверы на скрыжаванні вуліц Беларускай і Ульянаўскай, непадалёк ад стадыёна «Дынама».
«Мы самі прапанавалі гэтае месца, і яно нам вельмі падыходзіць. Гэтае месца лепшае за ранейшае», — адзначыў Кім.
Ён спадзяецца, што да наступлення новага года «сцяна Цоя» будзе стаяць на новым месцы.
***
«Сцяна Цоя» — спантанны помнік, які з’явіўся ў Мінску ў 1990 годзе пасля смерці лідэра гурту «Кіно» Віктара Цоя. Яна ўяўляла сабой бетонныя пліты, на якіх паклоннікі музыканта пакідалі графіці і пісалі вершы. Падобныя сцены існуюць у многіх гарадах былога СССР і з’яўляюцца традыцыйным месцам сустрэч моладзі. У Мінску такі помнік‑клуб першапачаткова размяшчаўся на Кастрычніцкай плошчы побач з Палацам Рэспублікі, які будаваўся. У сувязі з завяршэннем будаўніцтва ў 1997 годзе большасць пліт вырашана было ўбраць з плошчы. Дзве з іх былі перанесеныя за музей Вялікай Айчыннай вайны, на вуліцу Інтэрнацыянальная, дзе сцяна стаяла да верасня 2008 года.