Дзмітрый Верхаўцоў можа перайсці ў «Сэлтык»
Абаронца футбольнага клуба «Нафтан» і зборнай Беларусі Дзмітрый Верхаўцоў можа перайсці ў шатландскі «Селтык» ў найбліжэйшы час.
Паводле паведамленняў шатландскай прэсы, абаронцам «Нафтана» і зборнай Беларусі Дзмітрыем Верхаўцовым сур’ёзна цікавіцца «Сэлтык», які зрабіў канкрэтную прапанову абаронцу і яго клубу.
Беларус павінен заняць месца Гары Колдуэлла, кантракт якога сканчаецца ўжо 1 студзеня.
Верхаўцоў павінен прайсці медагляд ў Глазга яшчэ да новага года. Калі ўсё будзе добра, то адразу ж падпішуць кантракт. Кошт пераходу ацэньваецца прыблізна ў паўмільёна фунтаў, паведамляе football.by
***
«Сэлтык» побач з «Рэйнджэрс» — самыя вядомыя клубы Шатландыі
Выступаюць у мясцовай прэм’ер‑лізе. «Сэлтык» — заснаваны ў 1888 г. 42‑хразовы чэмпіён Шатландыі. Гуляе на «Сэлтык Парк».
У «Глазга Рэйнджэрс» — 52 тытулы (але і заснаваны ў далёкім 1872 г.). Следам ідуць «Абердын», «Хартс» і «Хіберніан», што станавіліся чэмпіёнамі па чатыры разы.
Ад 1986 г. «Сэлтык» і «Рэйджэрс» папераменна заваёўваюць тытул чэмпіёна Шатландыі. Апошнім разам у гэтую спрэчку ўмяшаўся ў сезонах 1983/84 і 1984/1985 «Абердын», які тады трэніраваў сэр Алекс Фергюсан.
Раней лічылася (і цяпер часам таксама), што «Сэлтык» падтрымліваюць каталікі, «Рэйнджэрс» — пратэстанты.
***
У чэмпіянаце Шатландыі удзельнічаюць 12 камандаў, што напачатку гуляюць у тры колы (33 туры), а потым каманды дзеляцца на дзве шасцёркі, каманды з 1 па 6 месца ў адно кола разыгрываюць прызавыя месцы і званне чэмпіёна, каманды з 7 па 12‑е вызначаюць няўдачніка.
Зараз у чэмпіянаце лідзіруе «Рэйнджэрс», у яго пасля 16 тураў 37 балаў, у «Сэлтыка» — 33, у «Хіберніана» — 32.
3 студзеня акурат і пройдзе дэрбі «старой фірмы» «Сэлтык» і «Рэйнджэрс». На «Сэлтык Парк».