У Мінску знаходзіцца дэлегацыя Парламенцкай асамблеі АБСЕ
Дзве гадзіны цягнулася сёння сустрэча дэлегацыі спецыяльнай рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая знаходзіцца з візітам у Мінску, з прадстаўнікамі палітычнай апазіцыі.
Сэсілія Вігстрам. |
Ачольвае дэлегацыю дэпутатка са Швецыі баранэса Сэсілія Вігстрам. Разам з ёй знаходзяцца яшчэ два чальцы групы: з Польшчы і Італіі.
Апазіцыю на сустрэчы прадстаўлялі Юрась Губарэвіч, Зміцер Дашкевіч, Аляксандр Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Віталь Рымашэўскі.
На агульную думку, сустрэча атрымалася «канструктыўнай, з элементамі крытычнага дыялогу».
Пачаткам дыскусіі стала прапанова апазіцыі падсумаваць вынікі той стратэгіі, якой Парламенцкая асамблея АБСЕ пачала прытрымлівацца з 2000 года. Менавіта тады ПА АБСЕ прызнала Нацыянальны сход Беларусі паўнавартасным парламентам. Мэта выглядала абнадзейваючай – навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі. Але, як падкрэслівалі апазіцыянеры, найбольш жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае Нацыянальным сходам як раз падчас гэтага навучання. І таму, на думку гаспадароў сустрэчы, ПА АБСЕ патрэбна ўносіць карэктывы ў гэту стратэгію.
Сёння дэлегацыя з Вены наведае таксама Міністэрства юстыцыі, Палату прадстаўнікоў і Цэнтральную выбарчую камісію.
Наведванне Міністэрства замежных спраў і выніковая прэс-канферэнцыя адбудуцца заўтра ў першай палове дня.