Таварыства аховы помнікаў выступіла супраць зносу гістарычнай забудовы ў Брэсце

Источник материала:  
21.12.2009 12:26 — Новости Общества

Сябры аб’яднання высветлілі, што ўлады гораду неаднаразова выстаўлялі на рэалізацыю для далейшага зносу і новага капбудаўніцтва аб’екты нерухомасці, надзеленыя статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сябры аб’яднання прааналізавалі аўкцыёны па рэалізацыі нерухомай маёмасці за апошнія месяцы 2009 г. і прыйшлі да высновы, што выканаўчыя і распарадчыя органы г. Брэста неаднаразова выстаўлялі на рэалізацыю аб’екты нерухомасці, надзеленыя статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці для іх далейшага зносу і новага капітальнага будаўніцтва. А гэта з’яўляецца грубейшым парушэннем Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 9.01 2006 г.

Пад знос выстаўляліся на продаж наступныя будынкі і збудаванні, якія згодна рашэння Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ад 01.07.2009 г. атрымалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцей:

1. Будынкі 26; 28 па вул. Савецкіх пагранічнікаў

2. Будынак 23 па вул. Леніна

3. Будынак 12 па вул. Астроўскага

4. Будынкі 48; 50; 56 па праспекце Машэрава

5. Будынак 36 па вул. 17 Верасня

6. Будынак 39 па вул. Дзяржынскага

7. Будынкі 100; 102 па вул. Савецкай

У сувязі з тым, што дадзеныя будынкі па ўмовах аўкцыёна падлягаюць зносу з далейшым праектаваннем і новым будаўніцтвам, правядзенне такіх аўкцыёнаў парушае артыкулы 27; 28: 29; 36 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», Інструкцыю «Аб складзе, парадку распрацоўкі і ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі на выкананне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцях», Інструкцыю «Аб складзе парадку распрацоўкі і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей», зацверджаных Пастановай Мінкультуры ад 21.05.2007 г. №21. Акрамя таго, гарвыканкамам не выконваюцца пп. 1.2, 1.5, 2.3, 2.4 арт. 10 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны».

«Выклікае непакой асабістая пазіцыя старшыні Брэсцкага гарвыканкама А. Палышанкова, агучаная ў артыкуле «Спадчына з малатка?» у газеце «Брэсцкі кур’ер» №51 ад 17 снежня 2009 г., якая ў поўнай меры раскрывае ці то прававы нігілізм кіраўніка адміністрацыі горада ў дачыненні да выканання палажэнняў Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», ці то прававую непісьменнасць і, адпаведна, нежаданне накіроўваць працу гарвыканкама ў дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей у прававое рэчышча, што стварае перадумовы для здзяйснення злачынстваў па артыкуле 344 КК РБ», — гаворыцца ў звароце.

У сувязі з вышэйазначаным Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася ў Пракуратуру Брэсцкай вобласці і Міністэрства культуры з просьбай разабрацца ў сітуацыі і прывесці працу Брэсцкага гарвыканкама з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ў прававое рэчышча. Газеце «Вячэрні Брэст» прапанавана апублікаваць рашэнні навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны аб пераліку аб’ектаў Гістарычнага цэнтра Брэста і аб асноўных накірунках захавання, узнаўлення і перспектыўнага выкарыстання гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.

Паводле pomniki.budzma.org

←Мінгарвыканкам: Пераднавагодняга павышэння цэн быць не павінна!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика