Затрыманне беларуса ў Капенгагене: новыя падрабязнасці
Затрыманы просіць не афішаваць ягонае імя. У капенгагенскіх акцыях прымаюць удзел каля 20 беларусаў.
Фота berlingske.dk |
Нагадаем, што падчас дэманстрацый у Капенгагене, прымеркаваных да Канферэнцыі ААН па змене клімату, што праходзіць тут 7—18 снежня, былі затрыманыя каля 1200 чалавек, сярод іх і беларус. Асноўнае патрабаванне дэманстрантаў — «спыніць міжнародны гандаль кліматам» і пачаць рэальныя дзеянні па яго ратаванні.
Як паведаміў адзін з сяброў беларускай Партыі зялёных, які прымае ўдзел у капенгагенскіх акцыях, затрыманы13 снежня беларус просіць не афішаваць ягонае імя. З іншых крыніцаў стала вядома, што затрыманы нібыта таксама належыць да Партыі зялёных, анархіст. Перад пачаткам акцый ён нібыта казаў, што на дэманстрацыі 12 снежня пойдзе ў першых шэрагах.
Да 3 студзеня малады чалавек будзе знаходзіцца пад следствам. Яго могуць абвінаваціць у тым, што ён ударыў паліцэйскага.
Усяго на дэманстрацыі ў Капенгаген прыехала каля 20 беларусаў. «Трымаемся разам, жывём у адным сквоце», — кажа сябар Партыі зялёных.