Генпракуратура патрабуе змяніць умовы добраахвотнага страхавання банкаматаў

Источник материала:  
16.12.2009 10:48 — Новости Общества

Генеральная пракуратура Беларусі запатрабавала ад Нацыянальнага банка змяніць умовы добраахвотнага страхавання банкаматаў і грошай у іх.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце Генпракуратуры, на думку галоўнага нагляднага органа, неабходна ў якасці ўмовы добраахвотнага страхавання банкаматаў і грошай у іх устанавіць абавязковасць аснашчэння банкаматаў, пунктаў абмену валют і іншых банкаўскіх аб’ектаў сродкамі відэаназірання, размяшчэння іх на тэрыторыях аб’ектаў, які ахоўваюцца.

У Генпракуратуры мяркуюць: на ўзроўні акта заканадаўства трэба ўстанавіць, што непрыняцце такіх мер з’яўляецца грубай неасцярожнасцю страхавальніка і ў адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам вызваляе страхоўшчыка ад выплаты страхавой кампенсацыі.

Гэтыя прапановы Генеральнай пракуратуры з’яўляюцца рэакцыяй на разбойныя напады на банкаўскія аб’екты, што адбыліся толькі за апошнія тры месяцы.

Так, 18 верасня ў Віцебску два злачынцы, сустрэўшы пры выхадзе з касы філіяла аднаго з банкаў спецыяліста па аперацыйна‑касавай працы, заштурхнулі яе ўнутр, звязалі і выкралі 30 млн. беларускіх рублёў, больш за 60 тыс. расійскіх рублёў і 4.100 даляраў ЗША.

У Наваполацку невядомы 19 кастрычніка, пагражаючы касіру пункта абмену валют прадметам, падобным на гранату, завалодаў 2.500 далярамі ЗША.

У Мінску 10 снежня ў памяшканні пункта абмену валют ЗАТ «Абсалютбанк» з нажавымі раненнямі шыі і брушной поласці быў знойдзены труп касіра, 21‑гадовай дзяўчыны. Выкрадзена 27,3 млн. беларускіх і 11 тыс. расійскіх рублёў.

Варта зазначыць, што Генеральная пракуратура двойчы ў 2009 годзе на адрас Нацыянальнага банка накіроўвала лісты з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры для арганізацыі бяспекі банкаўскай сістэмы, а таксама персаналу банкаў, які ажыццяўляе разлікова‑касавае абслугоўванне.

«Выкладзенае сведчыць пра тое, што прапанаваныя Генеральнай пракуратурай мерапрыемствы, скіраваныя на абарону жыцця і здароўя грамадзян, папярэджанне замахаў на банкаўскую сістэму, не былі ўспрыняты», — гаворыцца ў паведамленні галоўнага нагляднага органа краіны.

Нагадаем, у сувязі з забойствам касіра «Абсалютбанка» ў дачыненні да яго кіраўніцтва распачата справа на падставе ч. 3 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзеянне ўлады). Гэты артыкул прадугледжвае адказнасць службовых асоб, якія неналежным чынам выконвалі свае абавязкі, што мела вынікам цяжкія наступствы.

←Морозы не нарушили движение общественного транспорта в городах Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика