Спалучаючы несумяшчальнае?
Нядаўна, літаральна ў сярэдзіне лістапада, на адной з сустрэч у Полацку супрацоўніца раённага метадычнага цэнтра падзялілася: “Выдавала дачку замуж.
Вырашыла вывучыць усё, што напісана пра вяселле ў вашай кнізе “Залатыя правілы народнай культуры”. Галава пайшла кругам — колькі ж ведаць трэба! І хіба ўсё гэта можна выканаць сёння ў гарадскім вяселлі?” У гэтым бацькоўскім эмацыянальным пасажы (нагадаем, ён прагучаў з вуснаў работніка сферы культуры) у адзін вузел злучаны дзве праблемы. З аднаго боку, маці маладой узяла на сябе ўсю адказнасць за правядзенне вяселля і паспрабавала адначасова выконваць функцыі розных прадстаўнікоў свайго роду. А традыцыя прадугледжвала, каб адзін чалавек выконваў толькі адну ролю, але паўнавартасна, максімальна дакладна і ў адпаведнасці са шматлікімі прадпісаннямі. Яна хапалася за ўсё, пры гэтым не ведаючы, як гэта “ўсё” звесці разам. З другога боку, над маці пераважаў псіхалагічны момант. Значна прасцей спаслацца на гарадскія ўмовы ў якасці апраўдання сваёй бездапаможнасці, чым сесці за стол разам з блізкімі сваякамі і не адзін раз выбудаваць канву абрадавага дзейства, пры гэтым ведаючы яго паслядоўнасць, логіку і ўвасабленне ў пэўных людзях.
У выніку атрымліваецца наступная карціна:
будзем спраўляць сваё вяселле (!), але вясельны строй для дачкі возьмем чужы (?); маем сваю хату з чырвоным кутом і радавымі абразамі (!), але вясельны стол накрыем у чужым памяшканні і рукамі чужых людзей (?); вяселле гуляем (!), але ў сваты не хадзілі, а кіруе вяселлем чужы чалавек — тамада (?);Выснова: калі ўсё рабіць чужымі рукамі, то на якую шчаслівую долю можна разлічваць?