Былi ў нас Кабылка i Чмялец...
Сёлета ў Вiлейскiм раёне Мiнскай вобласцi быў адкрыты ўнiкальны мемарыял, прысвечаны знiклым вёскам. Гэта першы такi помнiк у Беларусi, i ён размясцiўся недалёка ад Вiлейкi, каля вёскi Снежкава. Там згадана больш за 250 населеных пунктаў, якiя знiклi на Вiлейшчыне за апошнiя 70 гадоў. Адны з iх падзялiлi лёс Хатынi, некаторыя былi затопленыя, калi ўтваралася Вiлейскае вадасховiшча, а большасць — проста апусцелi.
Падобныя помнiкi могуць быць усталяваныя ў кожным раёне Беларусi. Бо такi лёс напаткаў тысячы беларускiх вёсак у ХХ стагоддзi, у тым лiку i вёскi маёй Слонiмшчыны.
Пра знiклыя слонiмскiя вёскi ХХ стагоддзя i лёс iх жыхароў можна напiсаць i выдаць шмат тамоў кнiг. Гэтым трэба спецыяльна заняцца, каб сабраць матэрыял па кожнай знiклай вёсцы, па тых людзях, якiя там жылi i працавалi. Такi матэрыял можа быць проста ўнiкальным. Большасць знiклых паселiшчаў сёння засталiся хiба ў памяцi старэйшых людзей. Вялiкi пералiк ужо самiх тыпаў знiклых паселiшчаў. Гэта маёнткi, фальваркi, засценкi, хутары, калонii цi таварыствы, леснiчоўкi, чыгуначныя або шашэйныя будкi, асады, вадзяныя млыны i г.д. Знiкалi i вялiкiя вёскi. Напрыканцы 1930-х гадоў было лiквiдавана паняцце такога буйнога населенага пункта не гарадскога тыпу, як мястэчка. Iснуе некалькi прычын знiкнення нашых шматлiкiх паселiшчаў, i амаль ва ўсiх выпадках прысутнiчае чалавечы фактар: людзi выбiралi па сваёй i не па сваёй волi цi праз збег абставiнаў новае месца жыхарства. Шмат шкоды нашым вёскам i мястэчкам, хутарам i фальваркам нанеслi пры арганiзацыi калгасаў. Менавiта тады знiшчылi тысячы хутароў.
Далёка не будзем хадзiць, давайце паглядзiм на карту нашай Слонiмшчыны i падлiчым, колькi паселiшчаў знiкла за апошнiя 40 гадоў. Пачнём з таго, што вёскi Вялiкая Кракотка i Малая Кракотка аб'ядналiся ў адну вёску Вялiкая Кракотка. Вёскi Вялiкiя Шылавiчы i Малыя Шылавiчы аб'яднаны ў адну вёску Вялiкiя Шылавiчы. Альбярцiн, Лабазоўка, Цывiншчына, Рышчыцы ўключаны ў склад Слонiма. Да Жыровiчаў былi далучаны вёскi Стайкi i Волька. А жыхары вёсак Гумнiшчы i Краўцэвiчы пераселены ў iншыя вёскi Слонiмшчыны. Грыбава далучылi да Чамяроў, Прусоўшчыну — да Русакова.
З 1964 да 1970 года з раённай карты Слонiмшчыны знiклi дзясяткi населеных пунктаў. Найбольш на тэрыторыi Паўлаўскага сельскага Савета. Няма ўжо там такiх вёсак i хутароў, як Акольна, Барсукоўшчына, Верашоўшчына, Вербы, Волька, Выбар, Гарадок, Глiнiшча, Залессе, Зарэчка, За Рэчкай, Касцiнагаць, Малiнаў Груд, Нiвiшчы, Падзадвор'е, Чудоўскае, Сервiтут, Студзенка, Чарахоўшчына, Пацяробы, Перадзел, Селiшча, Правароцце, Пузавiчы, Кабылка, Пад Дубiшчамi i iншых.
Даўно няма на Слонiмшчыне такiх населеных вёсак, як Баяры, Госцiна, Тартакi, Чмялец, Янава, Траццякi, Басiны, Завепраўка, Бор i г.д.
У 1964 годзе вёску Кабакi перайменавалi ў вёску Прырэчча, вёску Трыбушкi — у Мiрную, Пляшкi — у Партызанаўку...
На адным з валуноў помнiка вёскам каля Вiлейкi напiсаны словы: "Дакранiся i рукой, i сэрцам да гэтых камянёў, i няхай душа твая напоўнiцца любоўю да роднай вёскi, роднай сядзiбы i хаты, якiя знёс бязлiтасным подыхам няўмольны час...". Сапраўды, час не пашкадаваў i нашы вёскi. А колькi iх у найблiжэйшыя дзесяцiгоддзi яшчэ знiкне?!.
Сяргей ЧЫГРЫН.