Вiцязi за вернасць

Источник материала:  

Учора ў круглай зале сталiчнага Галоўпаштамта "Белпошта" ладзiла традыцыйнае свята — рэспублiканскi дзень падпiсчыка, падчас якога чытачы маглi сустрэцца з супрацоўнiкамi вядучых беларускiх выданняў. Дарэчы, вы ведаеце, што на сёння беларусы выпiсваюць каля пяцi мiльёнаў экзэмпляраў перыядычных выданняў, сярод якiх 90 працэнтаў — айчынныя газеты i часопiсы, больш за 1,5 тысячы найменняў. Каб усё гэта даставiць у час да чытачоў штодзённа працуе 11,5 тысячы паштальёнаў (8,5 тысячы — вясковыя). Хтосьцi з гэтай армii паштальёнаў у гэты час спяшаецца i да чытачоў "Звязды", якiя, што нi кажыце, самыя лепшыя. Самыя шчырыя! Дасцiпныя! Вясёлыя! І верныя! У гэтым мы змаглi пераканацца ўчора падчас дзяжурства на "звяздоўскiм" стэндзе ў Галоўпаштамце.

Вiцязi за вернасць* Я нiколi не разлучуся са "Звяздой", хiба толькi... калi мне не будзе хапаць на хлеб. Я лепш буду падпрацоўваць, але выпiсваць любiмую газету, — заўважае Зiнаiда Пасiнiцкая, якая з 1984 года не прапусцiла нiводнай падпiскi. — Я паважаю "Звязду", праглядаю яе ад вокладкi да вокладкi. Мне падабаецца ўсё! Бывае, столькi спраў навалiцца, што часу на ўсё не хапае, але я спаць не кладуся, пакуль газету не прачытаю.

* Можа за такую адданасць нашаму выданню, лёс i прыносiць Зiнаiдзе Прохараўне падарункi: ужо другi раз у латарэi "Звязды" яе сям'я выйграе тэлевiзар. Першы "Вiцязь", якi Пасiнiцкiя атрымалi ў рэдакцыi нашай газеты ў 2003 годзе, быў вельмi запатрабаваным, бо стары тэлевiзар у iх выйшаў са строю, але i яшчэ аднаму "Вiцязю" знойдзецца месца: "Мы яго ў зале паставiм, няхай гасцей забаўляе, — жартуе Зiнаiда Прохараўна. — А вы нам на наступны раз якую мiкрахвалёўку начаруйце".

Яшчэ адзiн "Вiцязь" па латарэi "Звязды" трапiў таксама пастаянным яе падпiсчыкам Уладзiмiру i Рамуальдзе Захарэвiчам. Мiж iншым, Уладзiмiр Барысавiч сябруе са "Звяздой" яшчэ з пасляваенных часоў (!). "Мы не верылi, што нам выпаў такi падарунак, былi вельмi ўражаныя, муж ажно здранцвеў. Гэта было так прыемна. Жаль, што муж сам не змог прыехаць на ўручэнне прыза, — расказвае Рамуальда Адрэеўна. — Раней нам удавалася выйграваць толькi падпiску на "Звязду", а тут такi падарунак. Прычым, квiточак да ўдзелу ў латарэi ў гэты раз я кiдала ў скрыню ў самы апошнi момант. Дома закорпалася, а ў апошнi дзень падпiскi ўвечары апамятавалася, што я яшчэ не паспела гэта зрабiць. Мы вельмi любiм газету, разгадваем крыжаванкi, сканворды, чытаем "Хатнюю энцыклапедыю" i цiкавiмся грамадска-палiтычнымi пытаннямi. I ўсiм чытачам "Звязды" мы хацелi б пажадаць найперш здароўя, шанцавання ва ўсiх справах, i не цурацца сваёй роднай мовы. Карыстацца ёй паўсюль, i дома i на вулiцы. Гляджу, часам калi хто загаворыць у транспарце на роднай мове, усе азiраюцца. Нават на лаянку так не азiраюцца. Такая рэакцыя на беларускую мову — гэта нонсенс! Хоць, можа, таму людзi i азiраюцца, што iм гэтай мовы не хапае, што яны самi яе не ведаюць".

Алена Дзядзюля.

←Ни к селу, ни к городу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика